Беларуская нацыянальная платформа форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства распаўсюдзіла зварот да ўдзельнікаў саміта гэтай ініцыятывы, што праходзіць у Варшаве, у якім заклікала кіраўнікоў дзяржаў і кіраўнікоў урадаў Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Украіны сінхранізаваць сваю пазіцыю па Беларусі з той, якой прытрымліваецца ЕС.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці адзначаюць, што Усходняе партнёрства было прапанаванае Еўрапейскім саюзам, каб падтрымаць рэформы ў шасці краінах (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова і Украіна) і ўмацаваць адносіны з ЕС на аснове агульных каштоўнасцяў, першым чынам — дэмакратычнага развіцця і вяршэнства закона.

Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства выказвае заклапочанасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. «Мы вітаем намаганні Еўрапейскага саюза ўзняць гэтыя пытанні падчас варшаўскага саміта, а таксама цвёрдую пазіцыю ЕС адносна вызвалення палітзняволеных як умовы пачатку дыялогу з Беларуссю. На такія моманты, як існаванне палітычных вязняў, катаванні, якія некаторыя з іх зазналі ў турме, пераслед за грамадзянскую і палітычную дзейнасць, сур’ёзнае абмежаванне свабоды сходаў, асацыяцый і слова, павінна быць звернута пільная ўвага», — адзначаецца ў звароце.

У той жа час прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці «са шкадаваннем даведаліся, што ў папярэднюю версію дэкларацыі саміта не была ўключаная падтрымка пазіцыі ЕС пяццю астатнімі краінамі Усходняга партнёрства». «Мы заклікаем кіраўнікоў дзяржаў і кіраўнікоў урадаў Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Украіны сінхранізаваць сваю пазіцыю па Беларусі з той, якой прытрымліваецца ЕС. Мы лічым, што краіны Усходняга партнёрства разам з 27 краінамі — членамі ЕС маглі б паслаць сур’ёзны сігнал беларускім уладам, заклікаўшы іх да як мага найхутчэйшага вызвалення і рэабілітацыі палітзняволеных і пачатку дыялогу з палітычнай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю», — гаворыцца ў звароце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?