Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск 29 верасня прапанаваў кіраўнікам краін ЕС, якія прыбылі ў Варшаву на саміт «Усходняга партнёрства», прыняць «пакет мадэрнізацыі» для Беларусі, які прадугледжвае і фінансавую дапамогу.

Як стала вядома агенцтву РАР з неафіцыйных крыніц, сярод умоў, якія прапаноўваецца выставіць беларускім уладам для атрымання «пакета», няма патрабавання адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.

Асноўнымі ўмовамі для надання дапамогі з’яўляюцца правядзенне дэмакратычных парламенцкіх выбараў, якія адпавядаюць стандартам АБСЕ, пачатак перамоваў з апазіцыяй, а таксама поўная амністыя і рэабілітацыя палітычных зняволеных.
Узамен ЕС мог бы разгледзець пытанне аб прадастаўленні Беларусі фінансавай дапамогі і пагадзіцца на выдачу крэдыту МВФ, а таксама аказаць падтрымку ў справе стабілізацыі курсу беларускага рубля.
Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч крытычна адгукнуўся наконт гэтай прапановы: «Гэта гандаль з тэрарыстам», —
заявіў ён. Ён мяркуе, што гэта нічога не зменіць у даўжэйшай перспектыве. Рэзка крытычна паставілася да прапановы і інтэрнэт-выданне«Хартыя-97», блізкае да Андрэя Саннікава.
«Туск прапануе мадэрнізаваць беларускую дыктатуру» — так загаловак даў паведамленню сайт Charter97.org.

* * *

Стаўленне Еўропы да Аляксандра Лукашэнкі будзе такім жа, як яго стаўленне да беларускай апазіцыі. Пра гэта заявіў у чацвер на прэс-канферэнцыі ў Варшаве міністр замежных спраў Польшчы, якая старшынствуе ў Еўрасаюзе, Радаслаў Сікорскі пасля сустрэчы з дэлегацыяй беларускай апазіцыі.

Кіраўнік польскага замежнапалітычнага ведамства звярнуўся з пасланнем да Аляксандра Лукашэнкі.

«Маё пасланне да прэзідэнта Лукашэнкі наступнае: вашы адносіны з Еўропай будуць такімі ж, якімі будуць вашы адносіны з людзьмі. Пакуль людзі ў Беларусі будуць падвяргацца рэпрэсіям, паглыбленыя адносіны з Еўрасаюзам, а тым больш эканамічная дапамога, не будуць магчымыя», — заявіў Сікорскі.

У той жа час, паводле слоў міністра, Польшча гатова стаць першай «у лабіраванні самага шчодрага магчымага пакета дапамогі для Беларусі, калі яе ўлада навучыцца паважаць правы сваіх грамадзян».

Сікорскі таксама паведаміў, што Польшча перадае 1 мільён еўра ў мэтавы Фонд Усходняга партнёрства для аказання падтрымкі грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Перад Лукашэнкам стаіць выбар: «ісці па шляху дэмакратыі ці па шляху тых дыктатараў, якія страцілі ўладу ў розных краінах у апошнія месяцы», заявіў кіраўнік польскага МЗС.

Нагадаем, 29–30 верасня ў Варшаве праходзіць саміт Усходняга партнёрства. Сёння

Радаслаў Сікорскі і камісар Савета Еўропы па правах чалавека Томас Хамарберг сустрэліся з членамі беларускай апазіцыйнай дэлегацыі, у склад якой уваходзяць Уладзімір Някляеў, Анатоль Лябедзька, Юрый Губарэвіч, Сяргей Калякін, Віталь Рымашэўскі і іншыя палітыкі, а таксама сваякі палітзняволеных — сястра экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірына Багданава і грамадзянская жонка яшчэ аднаго былога кандыдата, Мікалая Статкевіча, Марына Адамовіч.

Яны сустрэліся таксама з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Меркель.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?