Яшчэ адзін праваабаронца не быў дапушчаны ў Беларусь, паведамляе Міжнародная назіральная місія Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

Як сказана ў паведамленні, 30 верасня 2011 года ў 3 гадзіны 20 хвілін украінскаму грамадзянскаму актывісту, члену Усеўкраінскай маладзёжнай грамадскай арганізацыі «Фундацыя рэгіянальных ініцыятыў» Уладзіміру Сянько было адмоўлена ў перасячэнні беларускай мяжы.

Ён ехаў у Беларусь цягніком Кіеў — Мінск. Пры праверцы дакументаў падчас праходжання пагранічнага кантролю стала вядома, што яго прозвішча знаходзіцца ў базе даных пагранічнай службы з пазнакай «уезд непажаданы ці забаронены». Падставы, па якіх грамадзяніну Украіны быў забаронены ўезд, пагранічнікі назваць не змаглі. Сянько высадзілі з цягніка.

Праваабаронца чакаў выдварэння тры гадзіны. Увесь гэты час яго дакументы знаходзіліся ў пагранічнікаў, а калі іх вярнулі, на апошняй старонцы свайго пашпарта ён убачыў штамп пра забарону на ўезд без указання даты забароны і краіны, у якую забаронены ўезд. Актывіст быў вымушаны купіць зваротны білет на электрацягнік да Чарнігава за свой кошт.

Сянько стаў дванаццатым прадстаўніком Камітэта міжнароднага кантролю, якому забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі ў сувязі з праваабарончай дзейнасцю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?