Выбарчая кампанія ў мясцовыя саветы атрымалася самай ціхай за ўвесь час панаваньня цяперашняга рэжыму. Калі не лічыць затрыманьняў, зьбіцьця, арыштаў моладзевых актывістаў, а таксама кандыдатаў і іх давераных асоб, то хада кампаніі на сто адсоткаў нагадвала «выбары» савецкіх часоў. Ну толькі на 0,04% выбарчых участкаў былі альтэрнатыўныя выбары — чаго не было за савецкім часам.

Але ці значыць гэта, што рэжым адкруціў хаду часу на 20 гадоў назад? Ці значыць гэта, што рэжым зноў трапіў у тую ж раку, у якую нельга двойчы ступіць? Не і яшчэ раз не!

Рэжым запаволіў хаду гісторыі на Беларусі. Улады рэпрэсіямі прымусілі прыхільнікаў дэмакратыі не рызыкаваць дзеля мэтаў, якія ня вартыя звальненьня з працы, арыштаў, зьняволеньняў. Ня варта рызыкаваць, бо ў апазыцыі няма адэкватнай сыстэмы абароны рэпрэсаваных, няма неабходнай сыстэмы міжнароднай салідарнасьці.

Але асобная гаворка датычыць стратэгіі або тактыкі апазыцыі ў мясцовай выбарчай кампаніі. Нашы партыйныя лідэры, пасьля прэзыдэнцкай кампаніі доўга, амаль паўгоду, высьвятлялі адносіны наконт лідэрства ў АДС. Дэмакратычнаму грамадзтву навязвалася меркаваньне, што вядомасьць, рэйтынг Мілінкевіча сярод выбарцаў — нішто, а партыйная дзейнасьць — усё. У гэтым крыжовым паходзе супраць меркаваньня электарату на радасьць кіраўнічаму рэжыму партыйныя функцыянэры дасягнулі свайго посьпеху. Але разам з вадой выкінулі і дзіця — адзінства прыхільнікаў дэмакратыі. Праўда, усё гэта рабілася пад правільныя словы аб адзіным пасланьні да выбарцаў, аб неабходнасьці інфармацыйнай кампаніі дзеля праўдзівага інфармаваньня электарату. Але спакваля дамінуючай тэзай для партлідэраў стала ідэя аб правядзеньні Кангрэсу дэмакратычных сілаў. На выпрацоўку альгарытму абраньня дэлегатаў КДС, высьвятленьня пытаньня, дзеля чаго Кангрэс — а кансэнсусу аб гэтым няма да сёньня, — былі змарнаваныя амаль усе перадвыбарчыя месяцы. Гэта стала яшчэ адным доказам, што нармальных, клясычных партый у нас няма. І гэта ня столькі віна лідэраў, колькі прэсінг рэжыму, адсутнасьць праўных умоваў шматпартыйнасьці. Але ў гэтай сытуацыі кіраўнікам партый з гэтых рэалій і трэба зыходзіць.

Як рэфэрэндум 2004 г., як прэзыдэнцкая кампанія 2006 г., так і пачатак мясцовай выбарчай кампаніі 2007 г. засьпеў партыйных правадыроў на маршы. На маршы, дзе вялося высьвятленьне ўнутрыпартыйных пытаньняў, дзе вялася барацьба супраць адзінага лідэра, дзе амбіцыі былі значна мацней амуніцыі. Далёка за межамі гэтага маршу знаходзіцца беларускі электарат. Са сваімі праблемамі, пытаньнямі, інтарэсамі. Пасьля месяцаў мазгавых штурмаў, наладжаных апазыцыйнай палітэлітай, атрымалася дзіўная рэч — за галасы выбарцаў рашылі не змагацца. Нашы функцыянэры прыйшлі да высновы, што трэба падчас мясцовай кампаніі абраць дэлегатаў на Кангрэс і данесьці да электарату праўду аб злачынным рэжыме. Пытаньне аб правядзеньні агульнанацыянальнай акцыі — Маршу Свабоды — нават не гучала на амаль штотыднёвых пасядзелках штабу АДС.

Вось толькі пасьля збору 300 подпісаў для дэлегата імпэту на агульнадзяржаўную інфармацыйную кампанію не хапіла. Канечне, асобныя месцы супраціву ў краіне засталіся, але ў гэтых месцах супраціву адзінства дзеяньняў не было. Выйшаў такі беларускі лебедзь, рак і шчупак.

Мне падаецца, што самай вялікай памылкай апазыцыі ў гэтай кампаніі стала завялікая ўвага ідэям, амбіцыям лідэраў і зусім малая доля ўвагі да простага выбаршчыка — да ягоных праблемаў, інтарэсаў. Але ж менавіта за кошт увагі да праблемаў выбарцаў быў адносны посьпех дэмакратаў на мясцовых выбарах 2003 г. Можна сказаць, што звышпільная ўвага да ўнутрыпартыйных, унутрыапазыцыйных праблем не дадала дэмакратам галасоў, росту падтрымкі грамадзкай думкі ў гэтай кампаніі. Праз агульнаапазыцыйныя ідэі «Свабоды. Праўды. Справядлівасьці» цяжка было знайсьці шлях да сэрца выбаршчыка. Нашы «лідэры» чарговага разу дапусьцілі памылкі ў хрэстаматыйных пытаньнях палітычнай барацьбы.

Ці ёсьць патрэба ў такіх лідэрах? Гэта рытарычнае пытаньне. Але думаецца, што мы страцілі шанец на павелічэньне ўплыву ў грамадзтве. Кіраўніцтва АДС у цяперашнім складзе з сакавіка 2006 г. страціла давер дэмакратычнага грамадзтва. І нам цяпер не выпадае часу займацца ўнутрыапазыцыйнымі разборкамі амбіцый, адкладаючы камунікацыі з электаратам да чарговай палатачнай кампаніі 2008 году.

Сёньня пры ўсёй спрыяльнасьці вонкавых фактараў для дэмакратычных колаў у сувязі з пераходам на рынкавыя адносіны з Расеяй неабходна дзейнічаць сярод электарату пастаянна. Мы ня можам дазволіць яшчэ адзін пралёт па-над электаратам у 2008 г. 14 студзеня мусіць стаць стартам новых форм працы ў грамадзтве. І нельга абмяжоўвацца толькі ўлёткамі аб выніках мясцовай кампаніі. Дэмакратычныя колы ня мусяць быць па-за гульнёй пры форс-мажорных абставінах у краіне. Грамадзянам Беларусі варта стварыць Камітэт абароны Бацькаўшчыны (КАБ). Менавіта сумленныя грамадзяне без уліку партыйных прыхільнасьцяў павінны аб’яднацца дзеля перамогі над дыктатурай. Гэта павінен быць Камітэт нацыянальнага адзінства, нацыянальнага даверу, нацыянальнага дзеяньня. Але такія Камітэты павінны паўстаць у дамах, вуліцах, гарадах, рэгіёнах, краіне. А гэта патрабуе штодзённай працы — будзённай, шэрай. І адлік часу пайшоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?