Уяўляю, як чухаюць патыліцу чыноўнікі, распрацоўваючы Дырэктыву №3. Яна, паведаміў ўчора ў Наваполацку Аляксандар Лукашэнка, будзе прысьвечаная пытаньням эканоміі ды ашчаднасьці.
Фармулёўка адразу спарадзіла адчуваньне дэжа-вю.
І я згадаў: была ж цэлая пяцігодка пад лёзунгам эканоміі ды ашчаднасьці!
Гэты курс абвесьціў Брэжнеў на XXVI зьезьдзе КПСС у 1981 годзе.
Тады прагучаў ягоны афарызм "Эканоміка мусіць быць эканомнай". (Фраза ўвайшла ў анэкдоты.)
Карацей, прэзэнтую распрацоўшчыкам дырэктывы крыніцу творчага натхненьня — прынятую паводле закліку генэральнага сакратара пастанову ЦК КПСС і Савету міністраў СССР "Аб узмацненьні працы па эканоміі і рацыянальным выкарыстаньні сыравінных, паліўна-энэргетычных ды іншых матэрыяльных рэсурсаў".
Як пішуць у рэклямных тэкстах — "усё ўключана":)
Калі ж разважаць сур'ёзна, дык афіцыйнаму беларускаму кіраўніку напэўна добра вядома, што бясконцыя дырэктывы савецкіх часоў дапамагалі эканоміцы як хваробе кашаль.
Можа, сэнс у тым, што прызначаецца адказны за выкананьне — прэм'ер Сідорскі?
Калі справы будуць зусім дрэнь — шукаць ахвярную галаву для публічнага пакараньня доўга не давядзецца.
Але ж ад таго, што паляцяць міністэрскія галовы, лягчэй ня стане.
Калі ўжо браць гісторыю, дык курс на эканомію і ашчаднасьць, абвешчаны КПСС на пачатку 80-х, стаўся жахліва недальнабачным, паліятыўным. Замест таго каб пайсьці на рашучыя рэформы, сталі прымушаць народ эканоміць на запалках. Хваробу загналі ў сярэдзіну. Неўзабаве пачалася вострая крыза — з дзікім дэфіцытам усяго, карткавай сыстэмай і пакутамі простага люду.
Ці хопіць цяперашнім беларускім вярхам прагматызму, каб перасягнуць праз забабоны ды страх пераменаў?
Дарэчы, сярод аналітыкаў ёсьць вэрсія, што "беларуская мадэль" у мініятуры паўтарае эвалюцыю савецкай.
Пэўныя рысы падабенства сапраўды ўражваюць. XXVI зьезд абвесьціў паход за эканомію і беражлівасьць, калі неканкурэнтную дзяржаўную гаспадарку перасталі ратаваць нафтадаляры.
Дык што, да беларускай перабудовы — чатыры гады?
Хай бы сабе ў нашым саўковым рымэйку сюжэт рухаўся трохі хутчэй:)
P.S. Назву дырэктывы можна падкараціць. Калі перакласьці, дык "эканомія" і "ашчаднасьць" — адно і тое ж :)