Зміцер Шаўчэнка. Фота svaboda.org.

Зміцер Шаўчэнка. Фота svaboda.org.

Сябры й паплечнікі змаглі сустрэць Зьмітра толькі каля дому. За дзьве гадзіны да вызначанага судом тэрміну вызваленьня міліцыянты адвезьлі актывіста ў Чыгуначны РАУС — там ён чакаў сыходу тэрміну пакараньня.

У ізалятары Зьміцер трымаў галадоўку. Ён абвясьціў яе 19 верасьня ў залі суду Чыгуначнага раёну — адразу пасьля таго, як судзьдзя Анатоль Сотнікаў пакараў яго арыштам за распаўсюд улётак пра аднаўленьне ў горадзе акцыі маўклівага пратэсту «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку».

Шаўчэнка: «Пачуваю сябе няблага. Калі пасьля суду мяне прывезьлі ў ізалятар, я перад вячэрай заявіў, што адмаўляюся ад ежы. Ахоўнікі прапанавалі мне напісаць заяву на адмову, і я напісаў. Пару дзён я ня піў ні чаю, ні кісялю. Мне й пытацца не хацелася, як гэта галадаюць. Пасьля стаў піць чай. І тут стаў атрымліваць з волі перадачы з сокамі. Піў сок. Дзякуй усім, хто зьбіраў і прывозіў перадачы!»

Зміцер кажа, што вярнуўся дамоў у спакойным настроі, нават бяз злосьці на тых, хто спрычыніўся да затрыманьня й арышту: «Яны заслугоўваюць хіба толькі жалю — яны слабейшыя за мяне».

Актывіста затрымалі спэцназаўцы 17 верасьня, акурат на Дзень гораду. На Прудкоўскім рынку ён раздаваў улёткі. Актывіста адвезьлі спачатку ў Чыгуначны райаддзел, дзе склалі пратакол на парушэньні парадку арганізацыі й правядзеньня масавага мерапрыемства, а затым у ізалятар, дзе ён яшчэ да суду правёў двое сутак.

У ізалятары Зьміцер даведаўся, што галадае не адзін. Не спажываюць ежу таксама пакараныя арыштамі Андрусь Цянюта (ён выйшаў на волю ўвечары 30 верасьня) і Кастусь Жукоўскі, якому зламалі нагу і пасадзілі за краты. Ягоны тэрмін вызваленьня — 6 кастрычніка.

За 15 сутак спадар Шаўчэнка пабываў у 7 камэрах ізалятару — такая «экскурсія» па няволі. Апошнія дні сядзеў разам з грамадзянінам Пакістану, які ўжо два месяцы чакае дэпартацыі на радзіму.

Зьміцер сьцьвярджае, што не адмовіцца да грамадзкай дзейнасьці, нягледзячы на тое, што яго ўжо двойчы каралі арыштам. У мінулым жніўні той жа судзьдзя Сотнікаў пастанавіў пакараць Шаўчэнку 3 суткамі адміністрацыйнага арышту — за зробленыя запісы ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» пра маўклівую акцыю пратэсту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?