Зьміцер Бандарэнка прапануе абвесьціць 25 Сакавіка дзяржаўным сьвятам – Днём волі і яднаньня і адзначыць яго супольнай акцый уладаў і апазыцыі ў абарону незалежнасьці Беларусі пад лёзунгам «За Свабоду! За Беларусь!».

Лідэрамі беларускай апазіцыі выказваюцца розныя меркаванні наконт магчымых акцый пратэсту ўвесну гэтага года. Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька мяркуе правесці акцыі 19 сакавіка – у гадавіну прэзідэнцкіх выбараў. Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка перакананы, што галоўным палітычным днём вясны гэтага года мусіць стаць 25 сакавіка. Аляксандр Мілінкевіч таксама выступае за правядзенне акцыі і мяркуе як мага хутчэй вызначыць дату акцыі на Палітрадзе аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Прэс‑цэнтр Хартыі’97 пацікавіўся з гэтай нагоды думкай беларускага праваабаронцы Змітра Бандарэнкі.

– Так, акцыі ў сакавіку быць. Думаю, што яна павінна прайсці 25 сакавіка. У дзень 89‑й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Мне здаецца, 19 сакавіка не зусім дарэчная дата для правядзення масавай акцыі. 19 сакавіка – дзень супрацьстаяння. Год таму апазіцыя, заручыўшыся падтрымкай народа, прадэманстравала свае магчымасці, але не перамагла. Сёння відавочна, што не перамог і Лукашэнка. Пасля рэзкага падвышэння цэнаў на расейскія нафту і газ і ён, і беларускі ўрад на чале з Сідорскім кажуць пра найскладанейшую, блізкую да катастрафічнай сітуацыю ў краіне. А Расея ў асобе Пуціна накінула на Беларусь эканамічную пятлю, і з кожным годам страты будуць узрастаць, а сітуацыя толькі пагаршацца. Пуцін адкрытым тэкстам кажа пра ўваходжанне Беларусі ў склад Расеі. Выстаяць, захаваць незалежнасць, выратаваць краіну можна толькі шляхам надзвычайных намаганняў усіх беларусаў. І толькі пры падтрымцы Еўрапейскага Звяза. Таму я прапаную правесці агульнанацыянальную масавую акцыю, але толькі не пратэсту. Гэта павінна быць акцыя яднання, і адбыцца яна павінна на Кастрычніцкай плошчы, ці, як мы яе цяпер называем, на плошчы Каліноўскага.

25 сакавіка 2007 года павінна стаць дзяржаўным святам – Днём Яднання і Прымірэння ўсіх беларусаў. Цяпер не час падзяляць беларусаў на «сваіх» і «чужых». Мы бачым, як прэзідэнт суседняй краіны Юшчанка прыкладае велізарныя намаганні для прымірэння грамадзянаў Украіны, ветэранаў Савецкай Арміі і ветэранаў Украінскай паўстанцкай арміі. Мы бачым, як у антыкрызіснай кааліцыі ва Украіне аб’ядналіся сілы, якія раней былі палітычнымі праціўнікамі. У свой час кіраўніцтва Расеі абвясціла 7 лістапада Днём прымірэння. Лідэры «белага» руху генералы Дзянікін, Куцепаў і іншыя з вайсковай пашанай перазахаваныя ў Расеі. Час і беларусам успомніць пра сваю слаўную гісторыю. Без тых беларускіх герояў, якія ў найскладанейшых умовах 1918 года прынялі статут БНР – першай унітарнай дзяржавы беларусаў, – не было б ні БССР, ні сённяшняй Рэспублікі Беларусь.

– Вы прапануеце апазіцыі аб’яднацца з уладай?

– Само жыццё прымушае беларусаў яднацца. Без удзелу праеўрапейскіх і дэмакратычных сілаў у кіраванні краінай не атрымаецца захаваць нават той невялікі жыццёвы ўзровень людзей, які мы сёння маем. Сацыяльны выбух будзе непазбежны. 3,5 мільярды даляраў – непасрэдныя страты нашай эканомікі толькі сёлета. У наступным годзе будзе 5 мільярдаў, яшчэ праз год – 8. Захаванне незалежнасці, выратаванне і развіццё эканомікі, паляпшэнне жыцця грамадзянаў – гэтыя мэты, на мой погляд, агульныя і для ўлады, і для апазіцыі.

– Але Вы ж самі называлі гэтую ўладу злачыннай...

– Тое, што агучвае сёння беларускі ўрад па рашэнні энергетычнай праблемы, – гэта праграмныя палажэнні беларускіх дэмакратычных партый. Мы не павінны адмаўляцца ад каштоўнасцяў дэмакратыі і правоў чалавека. Беларусы не першая нацыя, перад якой паўстала задача па прымірэнні. У адваротным выпадку – параза для ўсіх.

Я не перакананы, што ўлада ўжо сёння будзе гатовая да гэтага. Але думаю, што яны лепш, чым мы ўсе, валодаюць інфармацыяй, калі гавораць пра катастрафічнасць становішча. Першым прапаноўвае прымірэнне той, хто мацнейшы. Змены ў Беларусі непазбежныя. Як я ўжо казаў, без дапамогі Еўропы і прыцягнення апазіцыі ва ўрад улада не ўтрымаецца. Яна будзе проста змеценая народнымі бунтамі. Сыход Лукашэнкі разам з стратай незалежнасці краіны (а такі варыянт рыхтуе Расея) – гэта не тое, пра што марыць апазіцыя. Палітычныя эліты Гішпаніі, Польшчы, Чылі, Украіны, Вугоршчыны, Паўднёвай Карэі, дзесяткаў іншых краін ішлі на кампрамісы дзеля агульных мэтаў, дзеля выратавання Радзімы. Аднак ў многіх краінах дамаўляцца даводзілася нават пасля грамадзянскіх войнаў. Рана ці позна, каб выйсці з тупіку, неабходна сядаць і дамаўляцца.

– Як Вы ўяўляеце акцыю 25 сакавіка?

– Яшчэ напярэдадні бакі павінны зрабіць крокі насустрач. Лідэры апазіцыі мусяць звярнуцца ў Савет Міністраў з прапановай абвясціць 25 сакавіка дзяржаўным святам – беларускім «Днём волі і яднання». Эксперты апазіцыі павінны накіраваць ва ўрад свае прапановы і праграмы па вывадзе эканомікі з крызісу, а таксама прапановы па фармаце дыялогу паміж уладай і апазіцыяй. У святкаванні павінны ўзяць удзел кіраўніцтва краіны і лідэры апазіцыі, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі спадарыня Івонка Сурвіла, кіраўнікі Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў, іншых канфесій, вядомыя грамадскія і культурныя дзеячы. Неабходна разаслаць сумесныя запрашэнні наведаць у гэты дзень Беларусь кіраўнікам Рады Еўропы, Еўразвяза, лідэрам краін‑суседзяў. Улада ў сваю чаргу павінна зрабіць крокі насустрач: акрамя абвяшчэння 25‑га сакавіка дзяржаўным святам, павінны быць вызваленыя ўсе палітычныя вязні і зробленая заява кіраўніцтва краіны пра пачатак адкрытага дыялогу з апазіцыяй. А дэвізам агульнанацыянальнай акцыі прымірэння і яднання 25 сакавіка 2007 года могуць стаць словы – «ЗА СВАБОДУ! ЗА БЕЛАРУСЬ!».

Фота Юліі Дарашкевіч, НН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?