У Давосе, на славутым эканамічным форуме, шчыльна сядзяць расейцы на чале зь першым віцэ-прэм'ерам Мядзьведзевым. Імаверна, да ягонай прысутнасьці там спрычыніліся і беларусы.
"Крэмль сёлета робіць Давос прыярытэтам", — паведамляе загаловак "The Moscow Times". Летась ад расейцаў самым важным на форуме быў міністар Грэф. Сёлета выбраўся магчымы наступнік Пуціна — першы віцэ-прэм'ер Дзьмітры Мядзьведзеў.
Дый увогуле расейцаў багата — аж 47 асобаў!
У прыватнасьці, паляцеў яшчэ адзін Мядзьведзеў — Аляксандар, віцэ-прэзыдэнт "Газпрому".
І ці не галоўная задача (разам з найхутчэйшым уступленьнем ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю) — палепшыць імідж Расеі, падпсаваны нафтагазавым канфліктам зь Менскам.
Так што мае рацыю расейскі палітоляг Урноў: Лукашэнка, даючы свае асымэтрычныя адказы, намацаў слабыя месцы Масквы. Цяпер доўга будуць даводзіць, што не вярблюды.
Прычым страты іміджавыя, як вы разумееце, вымяраюцца ў рэшце рэштаў грашовым эквівалентам. А паколькі ўлада ў Расеі шчыльна зьнітаваная зь бізнэсам, то беларускі "адказ Чэмбэрлену" ўдарыў непасрэдна па кішэнях тамтэйшых тузоў.
У Давос паляцеў сёньня і ўкраінскі прэм'ер Януковіч. З двума міністрамі — эканомікі і паліва ды энэргетыкі. Там, на курорце, ямчэй будзе пагаварыць і з галоўнай пэрсонай расейскай дэлегацыі.
Вось так робіцца вялікая палітыка і вялікая эканоміка.
Масква і Кіеў, пры ўсіх супярэчнасьцях, трэба думаць, закапалі сякеру газавай вайны.
Зь беларускага істэблішмэнту ў Давос некалі лётаў Шушкевіч.
Першы раз — напачатку 92-га. Старшыня Вярхоўнага савету толькі што паўсталай незалежнае дзяржавы атрымаў магчымасьць грунтoўна пагутарыць з шэрагам уплывовых асобаў з рoзных краiнаў.
Потым Шушкевіч распавёў мне пра адзін сьмешны эпізод, зьвязаны з той вандроўкай. Кіраўнік маладой Беларусі не шыкаваў і выбраўся ў Швайцарыю звычайным пасажырскiм авiярэйсам.
— А штo ж вы без ахoвы? — пацiкавiўся нехта з гаспадароў, відаць, і думкі не дапускаючы, што найвышэйшая службовая асоба дзяржавы можа гуляць сама па сабе, як Кіплінгава котка.
Шушкевiч не збянтэжыўся, кiўнуў на свайгo памoчнiка Леанiда Камарoва:
— А вoсь ён тут адзiны ў дзвюх асoбах. І рэфэрэнт, і бодыгард.
Камарoў сьціпла стаяў побач, круцячы ў руках асадку. Швайцарцы, бадай, падумалі, што гэта нешта накшталт сакрэтнай зброі агента 007 :)
У 1998 годзе эканамічны форум у Швайцарыі (праўда, іншы, хоць і таксама прэстыжны — у Кран-Мантане) наведаў Лукашэнка. Але атрымаўся скандал. Прэсавая канфэрэнцыя з удзелам беларускага кіраўніка, паводле вэрсіі дзяржаўных мэдыяў, "вылілася ў канфлікт, арганізаваны пэўнымі заходнеэўрапейскімі парлямэнтарамі, што адмыслова прыбылі ў Кран-Мантану дзеля публічнай абструкцыі А.Лукашэнкі".
Але час зьбіраць камяні.
Слова "дыялёг" гучыць з абодвух бакоў.
Ці хутка паляцяць гуртом у Давос беларускія ўрадоўцы (і ня толькі яны, але і бізнэсоўцы, і палітыкі)?
Са слоў эканаміста Леаніда Заікі, туды было завітваў колішні міністар эканомікі Шымаў. "А зараз, мусіць, ашчаджаюць валюту".
(Дарэчы, у прэсавай службе ўраду ўвогуле не валодаюць інфармацыяй, ці выпісвалі каму-небудзь сёлета камандзіроўку ў Давос. Ва ўсякім разе, кажуць, усё важнае начальства на месцы.)
Леанід Заіка лічыць, што ў выпадку з Давоскім форумам варта весьці гаворку не пра бар'еры ізаляцыі, а пра местачковасьць мысленьня айчыннай кіроўнай эліты.
Між тым, кажа экспэрт, у кулюарах такіх форумаў вырашаюцца найважнейшыя пытаньні. "На лыжах атрымліваецца лепей, чым у кабінэтах".
Дык хіба ў нас няма каму выйсьці на давоскую лыжню? :)