Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі (ВГС) разглядае ўвядзенне сістэмы трацейскіх судоў як перспектыўную альтэрнатыву дзяржаўным судам у вырашэнні гаспадарчых і шлюбна-сямейных спрэчак.
Такое меркаванне выказаў сёння на пасяджэнні круглага стала, прысвечанага перспектывам развіцця трацейскага правасуддзя ў Беларусі, намеснік старшыні ВГС Віктар Рабцаў.

На думку прадстаўнікоў юрыдычных колаў Беларусі, трацейскія суды, якія нядрэнна зарэкамендавалі сябе ў многіх краінах свету, змогуць узяць частку спраў дзяржаўных гаспадарчых судоў, тым самым разгрузіўшы іх. Як адзначыў Віктар Рабцаў, у бягучым годзе колькасць зваротаў у гаспадарчыя суды крыху знізілася, аднак застаецца даволі высокай, і вырашэнне гэтай праблемы з’яўляецца вельмі актуальным.

Акрамя таго, рэалізуючы праект трацейскіх судоў, Беларусь прадастаўляе большую свабоду выбару грамадзянам і суб’ектам гаспадарання, сказаў Віктар Рабцаў. Сістэма трацейкіх судоў такая, што бакі самі выбіраюць суддзю і правілы, у адпаведнасці з якімі будзе праводзіцца разбор.

Намеснік старшыні ВГС падкрэсліў, што ў трацейскіх судоў ёсць шэраг пераваг перад дзяржаўнымі, сярод якіх перш за ўсё аператыўнасць прыняцця рашэнняў, выкананне прынцыпу канфідэнцыяльнасці разгляду справы (у той час як большасць спраў у дзяржаўным судзе разглядаецца ў адкрытым слуханні), а таксама больш нізкі кошт звароту ў суд. Да ўсяго іншага, у бакоў будзе магчымасць абскардзіць рашэнне трацейскага суда ў ВГС. За выкананнем рашэнняў трацейскага суда будуць сачыць судовыя выканаўцы дзяржаўных гаспадарчых судоў.

Разам з тым некаторыя спецыялісты сумняваюцца ў чаканай эфектыўнасці дзейнасці трацейскіх судоў, паколькі яны ў Беларусі яшчэ не вядомы і цяжка чакаць масавага адтоку іскаў у іх з дзяржсудоў. Аднак, на думку Віктара Рабцава, гэта працэс паступовы, і з дапамогай дзяржкантролю за якасцю і выкананнем усіх норм судаводства, трацейскія суды з часам зарэкамендуюць сябе з лепшага боку.

***

Закон «Аб трацейскіх судах», прыняты 18 ліпеня 2011 года, уступіць у сілу з 26 студзеня 2012 года. Цяпер спецыялісты распрацоўваюць шляхі рэалізацыі новага праекта ў Беларусі. Ужо зразумела, што ў кожным абласным цэнтры будуць працаваць пастаянныя трацейскія суды. Разам з тым, гэта сістэма прадугледжвае магчымасць стварэння часовых судоў для вырашэння канкрэтных спрэчак. Якім чынам гэтыя суды будуць рэгістравацца і функцыянаваць, як будзе праходзіць адбор суддзяў — на гэтыя пытанні яшчэ трэба будзе адказаць экспертам. Аднак Віктар Рабцаў выказаў упэўненасць у тым, што сістэма трацейскага правасуддзя — безумоўна, з’яўляецца карысным вопытам для Беларусі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?