Эксперты не знайшлі выбуховых рэчываў на адзенні і абутку Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва пасля іх затрымання па падазрэнні ў выбуху ў мінскім метро. Гэта вынікае з зачытаных 6 кастрычніка ў Вярхоўным судзе вынікаў выбуховатэхнічных экспертыз, што праводзіліся ў красавіку-маі.

На даследаванне адпраўляліся адзенне, абутак, фрагменты валасоў, падпазногцевае змесціва, змыванні з твару і насавых хадоў Канавалава і Кавалёва. Згодна з заключэннем экспертаў, на абодвух «рэчываў арганічнага паходжання, што адносяцца да выбуховых, не выяўлена». Экспертыза па Канавалаву была завершана 9 мая, па Кавалёву — 18 мая.

У судзе таксама былі абнародаваныя вынікі комплекснай генатыпаскапічнай і выбуховатэхнічнай экспертызы рэчаў, канфіскаваных у кватэры на вуліцы Клумава, якую наймаў Кавалёў. У прыватнасці, былі канфіскаваныя адзенне, бытавая тэхніка, будаўнічыя інструменты, а таксама змыванні з падлогі і мэблі. Следчых цікавіла, ці маюцца на гэтых рэчах сляды выбуховых рэчываў, ці ёсць на іх сляды ДНК Кавалёва, Канавалава, яго бацькі і брата, Яны Пачыцкай, а таксама сяброў і знаёмых абвінавачаных, якія праходзілі па справе аб тэракце.

Згодна з заключэннем экспертызы,

слядоў выбуховых рэчываў нідзе не знойдзена, знойдзены сляды ДНК Кавалёва, а таксама сляды, прыналежнасць якіх экспертам устанавіць не ўдалося.

Цікавым уяўляюцца вынікі дактыласкапічнай экспертызы ад 4 мая, якая даследавала на прадмет наяўнасці адбіткаў пальцаў шэраг рэчаў, канфіскаваных 13 красавіка ў падвале № 52 дома 8, корпус 1 па вуліцы Рэпіна ў Віцебску, дзе, як упэўнена следства, Канавалаў рыхтаваў выбуховыя прыстасаванні. На экспертызу, у прыватнасці, адпраўляліся пластыкавая ёмістасць з вадкасцю жоўтага колеру, ліпкая стужка, некаторае абсталяванне для хімічных доследаў. На ўсіх гэтых прадметах экспертыза не знайшла ніводнага адбітка пальцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?