Сваё затрыманне заснавальнік Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) Алег Манаеў тлумачыць жаданнем улад сарваць яго выступленне на брыфінгу перад дыпламатамі.

У распаўсюджанай вечарам 6 кастрычніка заяве для прэсы сацыёлаг расказвае, што ў 15.00, калі ён падыходзіў да пасольства Польшчы для ўдзелу ў штоквартальным брыфінгу незалежных экспертаў для прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса (на якіх звычайна прысутнічае не менш як 25 дыпламатаў з самых розных пасольстваў — ад Японіі і Расіі да Еўрасаюза і ЗША), яго спыніў сяржант мінскага АМАП і сказаў, што павінен затрымаць для высвятлення асобы.

«Праверыўшы мой пашпарт, ён стаў правяраць, ці няма ў мяне зброі, наркотыкаў і іншых забароненых рэчаў.
Затым патэлефанаваў і паведаміў пра затрыманне, загадаўшы мне чакаць на месцы, — расказвае сацыёлаг. — Праз некалькі хвілін з’явіліся яшчэ двое супрацоўнікаў праваахоўных органаў, адзін з якіх назваўся следчым крымінальнага вышуку Цэнтральнага раёна Мінска.
На маё пытанне аб прычыне затрымання адказ быў адзін: «Праедзем у аддзяленне, там вам усё растлумачаць».

Перад тым як Манаева даставілі ў Партызанскі РУУС Мінска, ён паспеў звязацца з некаторымі калегамі і журналістамі.

«У Партызанскім РУУС мяне правялі ў кабінет начальніка міліцыі грамадскай бяспекі і спецыяльнай міліцыі падпалкоўніка Гладуна. Ён таксама праверыў мой пашпарт і асабістыя рэчы (партфель з матэрыяламі для брыфінгу). На пытанне аб прычыне затрымання — бо я жыву ў Фрунзенскім раёне і ніяк не звязаны ні з Цэнтральным, ні з Партызанскім раёнам — ён адказаў, што паводле закона аб міліцыі мае права затрымаць мяне да трох гадзін без тлумачэння прычын. Я сказаў, што тым самым міліцыя зрывае важнае мерапрыемства, але гэта ніяк не падзейнічала», — адзначае Манаеў.

Падчас знаходжання ў міліцыі яго спрабавалі абавязаць прайсці дактыласкапію,
аднак у выніку праводзіць яе не сталі, вырашылі зрабіць запыт у ваенкамат па месцы жыхарства.

«Роўна за 5 хвілін да заканчэння трохгадзіннага тэрміну мне сказалі, што мяне «затрымалі для праверкі дакументаў» і адпусцілі. Аднак адзін з супрацоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў гэтай «аперацыі» (агульным лікам у ёй было задзейнічана амаль дзесяць чалавек з трох розных падраздзяленняў МУС) на пытанне, чаму затрымалі менавіта мяне, адказаў, што

«загад быў менавіта на вас»,
— удакладняе Манаеў.
«Усе гэтыя дзеянні сведчаць пра адно — на самай справе мяне затрымалі для таго, каб сарваць запланаваны брыфінг»,
 — падкрэслівае сацыёлаг. Разважаючы аб тым, чаму гэта адбылося менавіта цяпер, Манаеў адзначае: «Несумненна, справа ў тым, што сёлета беларускі аўтарытарызм сутыкнуўся з самым сур’ёзным выклікам за ўсю сваю гісторыю. Пасля майскай дэвальвацыі беларускага рубля ў краіне пачаўся наймацнейшы сацыяльна-эканамічны крызіс, інфляцыя дасягнула 60%, паставіўшы сусветны бягучы рэкорд, а даходы насельніцтва паменшыліся больш чым удвая».

Заснавальнік НІСЭПД звяртае ўвагу, што па выніках апытання грамадскай думкі, праведзенага незалежнымі сацыёлагамі ў верасні, амаль 88% рэспандэнтаў лічаць, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісе, прычым больш за 61% лічаць вінаватым у крызісе самога прэзідэнта (урад — 44%).

«Рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі ўсяго за дзевяць месяцаў упаў з 53 да 20%, дасягнуўшы гістарычнага мінімуму за ўсе сямнаццаць гадоў яго кіравання.

Пагроза сацыяльнага выбуху становіцца ўсё больш рэальнай.
У «надыходзячых прыцемках» улады пачынаюць «баяцца ўласнага ценю», — канстатуе Манаеў.

«У чэрвені 2010 года яны спрабавалі звольніць мяне з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у якім я прапрацаваў больш за 40 гадоў, заблакаваць інфармацыю і аналітыку, якую я і мае калегі адрасуем беларускаму грамадству. Сёння яны спрабуюць заблакаваць нашу дзейнасць па інфармаванні замежных урадаў і міжнароднай грамадскасці аб тым, як на самай справе жывуць беларусы, пра што думаюць, чым незадаволеныя, чаго хочуць. Спрабуюць „аднавіць спынены дыялог“, атрымаць крэдыты і інвестыцыі, па сутнасці нічога ў краіне не змяніўшы», — упэўнены заснавальнік НІСЭПД.

«Заяўляю, што як і раней, буду выконваць свой прафесійны і грамадзянскі абавязак, і сённяшні інцыдэнт на гэта не паўплывае», — падкрэслівае ў заяве Алег Манаеў.

***

НІСЭПД — найстарэйшы ў Беларусі недзяржаўны даследчы цэнтр, створаны ў лютым 1992 года групай вучоных, журналістаў, палітыкаў і бізнесменаў. Цяпер зарэгістраваны як грамадская ўстанова ў Літоўскай Рэспубліцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?