МЗС Польшчы выклікала беларускага пасла Віктара Гайсёнка з-за выказванняў Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што палякі нібыта аспрэчваюць заходнюю мяжу Беларусі.

МЗС Польшчы звярнуў увагу беларускага пасла на тое, што заявы Лукашэнкі, у якіх ён прыпісвае польскім уладам намеры рэвізіі дзяржаўных межаў, «пазбаўленыя ўсялякіх падставаў».

Польскі бок нагадаў прадстаўніку афіцыйнага Мінска, што «незалежная Польшча ніколі не ставіла пад сумнеў непарушны характар польска-беларускай мяжы, што было пацверджана ў Дамове аб добрасуседстве 1992 года».

Паводле МЗС Польшчы, выказванні Лукашэнкі маюць «падбухторніцкі характар, з’яўляюцца безадказнымі і разлічаныя на правакацыю непатрэбных праблем у дачыненнях паміж суседзямі».

«Беларускае грамадства добра ведае, што Польшча ў сваёй палітыцы адносна Беларусі кіруецца еўрапейскімі вартасцямі, жаданнем абароны правоў чалавека і асноўных свабод і выступае за сапраўдны грамадскі дыялог як пачатак дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі», — паведамляе з гэтай нагоды МЗС Польшчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?