Ва Ўкраіне выйшаў пілётны нумар першага ўкраінскамоўнага глянцавага жаночага штотыднёвіка.

Часопіс прысьвечаны парадам, рэцэптам, модзе і прыгажосьці. Выданьне складаецца з 52-х поўнакаляровых палосаў і будзе выходзіць штотыдня. Цана ў раздроб —1,5 грыўнаў (каля 600-650 рублёў).

«Наша чытачка — прафэсіяналка на працы, але адначасова адказвае за дамашнюю ўтульнасьць, дабрабыт, цёплую сямейную атмасфэру. Гэта жанчына ў поўным сэнсе гэтага слова — жонка, маці і надзейная сяброўка», — кажа мэнэджэрка часопісу Сьвятлана Удод.

«Пані» стане першым украінамоўным штотыднёвым часопісам для жанчын і складзе канкурэнцыю часопісам «Ліза» і «Паліна», якія выдаюцца па-расейску.

Удзельнікі рынку адзначаюць, што запуск украінскамоўнага жаночага штотыднёвага выданьня лягічны — попыт на такія выданьні сёньня не задаволены, аднак большай часткай посьпех праекту будзе залежаць ад якасьці выданьня.

Заяўлены штодыднёвы наклад «Пані» цягам першага году будзе 50 тысячаў. «Магчыма, мы будзем нарошчваць наклад ужо цягам першага году, — гаворыць мэнэджэрка выданьня, — Мы паглядзім, як часопіс прыме рынак. Мы праводзілі дасьледаваньні, і бачым, што на рынку павінен быць попыт — ніша пустая.»

Паводле Медиабизнес

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0