У судзе над Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым па хадайніцтве адваката апошняга Станіслава Абразея 12 кастрычніка былі вывучаныя некаторыя матэрыялы, што датычацца супастаўнасці асобы і адзення галоўнага абвінавачванага ў тэрарызме з падазроным, якога знялі камеры відэаназірання ў метро.

У прыватнасці, былі прадэманстраваныя стоп-кадры, знятыя 11 красавіка ў 17.43.59 на станцыі «Фрунзенская», і следчага эксперыменту з Канавалавым на той жа станцыі. На першым стоп-кадры бачны чалавек з сумкай у чорным адзенні, на другім — Канавалаў з сумкай таксама ў адзенні чорнага колеру. Абразей звярнуў увагу суда на тое, што на першым стоп-кадры куртка на падазроным гладка аблягае цела, на другім стоп-кадры відаць, што куртка, у якую апрануты Канавалаў, яму вялікая. Пры гэтым падчас следчага эксперыменту Канавалаў быў апрануты ў куртку, якую забралі ў яго пасля затрымання.

Арыентуючыся на нерухомыя прадметы, пэўныя лініі на станцыі, якія бачныя на стоп-кадрах,

адвакат таксама зрабіў выснову, што рост чалавека, знятага 11 красавіка, не адпавядае росту Канавалава ў другім стоп-кадры.

Некаторыя неадпаведнасці Абразей выявіў і ў матэрыялах, якія ацэньваюць накладанне выяваў са станцыі «Фрунзенская», знятых 11 красавіка, з відарысамі, атрыманымі падчас следчага эксперыменту, калі Канавалава спецыяльна выстаўлялі ў тых ці іншых позах, у якіх знаходзіўся ў той дзень падазроны на станцыі.

У судзе было зачытана заключэнне Інстытута крыміналістыкі ФСБ Расіі на прадмет супастаўнасці асобы і адзення.

З яго вынікае, што немагчыма ацаніць партрэтнае падабенства з Канавалавым чалавека, знятага на станцыях «Кастрычніцкая», «Купалаўская» і «Фрунзенская».
Пры гэтым рост падазронага адпавядае росту Канавалава. Агульнымі з’яўляюцца хударлявы целасклад, сутуласць. Устаноўлена поўнае супадзенне знешняга выгляду па колеры, тоне, фасоне адзення, велічыням. Эксперты канстатавалі, што адзенне, якое забралі ў Канавалава, магло быць на падазроным, які паказаны на здымках з відэакамеры.

Параўнаць асаблівасці паводзін не з’явілася магчымым. У прыватнасці, з-за рознай вагі сумак 11 красавіка і падчас следчага эксперыменту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?