«З вялікім неспакоем мы прымаем да ведама зацверджаны ў беларускім парламенце праект паправак да закона аб грамадскіх арганізацыях, нацэлены на міжнародную падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі», — заявіла Мая Качыянчыч, прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.

Яна адзначыла, што новы законапраект «падразумявае далейшае ўзмацненне абмежаванняў на дзейнасць у краіне грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі, якія ўжо дзейнічаюць у цяжкіх умовах і з’яўляюцца аб’ектам абмежавальных правілаў рэгістрацыі».

Прэс-сакратар таксама нагадала, што на мінулым тыдні беларускі парламент прыняў папраўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах, якія абмяжоўваюць правы грамадзян Беларусі на свабоду выказвання і сходаў.

«Мы таксама занепакоеныя цяперашнім разглядам законапраекта аб органах дзяржаўнай бяспекі, які можа пашырыць рэпрэсіўныя паўнамоцтвы КДБ», — сказала Качыянчыч.

«ЕС заклікае Беларусь не ўводзіць у дзеянне гэтыя тры законапраекты, улічваючы, што яны сталі б сур’ёзным крокам назад у сферы правоў чалавека і вяршэнства закона ў Беларусі. Мы працягнем сачыць за сітуацыяй і гатовыя да адпаведных дзеянняў», — заявіла прэс-сакратар Кэтрын Эштан.

Папраўкі ў заканадаўства, якія рэгулююць правядзенне масавых мерапрыемстваў, а таксама грамадска-палітычную дзейнасць у краіне, былі прынятыя ў першы ж дзень працы асенняй сесіі, вечарам 3 кастрычніка, пры адсутнасці СМІ.

Згодна з новым заканадаўствам, любыя грамадскія пратэсты без дазволу ўлад забароненыя, а замежнае фінансаванне НДА становіцца крымінальна каральным злачынствам.

Законапраект аб унясенні змяненняў у закон аб органах дзяржбяспекі, які пакуль толькі ўнесены на разгляд парламента, значна пашырае правы супрацоўнікаў спецслужбаў, у тым ліку дазваляе бесперашкоднае пранікненне ў любы час сутак у жылыя і офісныя памяшканні, прымяненне фізічнай сілы і спецсродкаў.

Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных НДА і праваабаронцы выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікалі ўлады адмяніць рэпрэсіўныя законапраекты, якія, паводле іх ацэнкі, «накіраваныя на запалохванне беларускай грамадскасці, ставяць пад пагрозу вяртанне краіны на шлях нармальнага развіцця і заганяе яе ў становішча самаізаляцыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?