Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Беларусь завінавацілася «Газпрому» за пастаўлены сёлета газ 100 млн. долараў і просіць «Газпром» аб адтэрміноўцы пагашэння доўгу. Нібыта Мінск прапаноўвае размеркаваць суму запазычанасці на роўныя долі і ажыццявіць выплаты ў 2012 годзе або ўключыць доўг у цану на газ.

Аб наяўнасці доўгу ў 100 млн. долараў, у прыватнасці, паведамляюць «Московские новости» са спасылкай на крыніцу, блізкую да газавых перамоў паміж Беларуссю і Расіяй. Паводле яе інфармацыі, запазычанасць сабралася гэтым летам: «Мінск плаціў менш, чым трэба па кантракце, матывуючы гэта фінансавымі цяжкасцямі з-за дэвальвацыі нацыянальнай валюты».

У «Газпроме» каментаваць гэтую інфармацыю БелаПАН адмовіліся. Не каментуюць звесткі пра доўг і ў Мінску.

Як паведамлялася раней, цана на газ для Беларусі ў 2012 годзе можа скласці 288 долараў за тысячу кубаметраў, заявіў 3 кастрычніка журналістам кіраўнік пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэтах, фінансах і падатковай палітыцы Аляксандр Антоненка.

13 кастрычніка па выніках сустрэчы ў Маскве з віцэ-прэм’ерам Беларусі Сяргеем Румасам і міністрам энергетыкі Аляксандром Азярцом старшыня праўлення «Газпрома» Аляксей Мілер паведаміў: Беларусь і Расія разлічваюць падпісаць усе неабходныя дакументы па пастаўках і транзіце газу ўжо ў лістападзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?