Рэспубліка Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва з банкаўскай групай Райффайзен. Аб гэтым заявіў прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка 26 студзеня на цырымоніі ўручэння ордэна Дружбы народаў старшыні праўлення гэтага холдынгу Герберту Стэпічу, паведамілі БЕЛТА у прэс‑службе беларускага лідэра.

Кіраўнік дзяржавы выказаў падзяку Герберту Стэпічу за высокі ўзровень супрацоўніцтва і падтрымку, якую ўсе гэтыя гады Райффайзен аказвае нашай краіне. «Вы, напэўна, самы мужны чалавек ‑ нягледзячы на вал крытыкі Захаду ў адрас Беларусі, не пабаяліся супрацоўнічаць з намі ў самым адказным сектары ‑ фінансавым», ‑ сказаў прэзідэнт.

«Вы вельмі шмат зрабілі і робіце для Беларусі і нашай эканомікі», ‑ падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да замежнага госця.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, беларуская эканоміка інтэнсіўна развіваецца, і цяпер існуе некалькі перспектыўных інвестыцыйных праектаў, якія маюць патрэбу ў фінансаванні. «Гэта акупныя праекты, і мы вельмі зацікаўлены ў фінансавай падтрымцы з вашага боку», ‑ сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка выказаў падзяку Герберту Стэпічу за тое, што банкаўская група Райффайзен «уклала нямала сродкаў, сіл і ведаў у развіццё банкаўскай сістэмы Беларусі». Паводле слоў прэзідэнта, дзякуючы намаганням гэтага холдынгу ААТ «Пріорбанк» стаў самым перадавым у тэхналагічным плане банкам у краіне.

Уручаючы ордэн Дружбы народаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэтай узнагароды грамадзяне замежных дзяржаў удастойваюцца выключна рэдка. Кіраўнік дзяржавы выказаў пажаданне, каб гэта была не апошняя ўзнагарода Герберта Стэпіча на беларускай зямлі.

У сваю чаргу замежны госць падкрэсліў, што для яго вялікі гонар атрымаць ордэн Дружбы народаў, і адзначыў, што гэта ўзнагарода адрасавана ўсёй банкаўскай групе Райффайзен, якая ўнесла ўклад у развіццё эканамічных праектаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, у тым ліку ў Беларусі.

Як сказаў Герберт Стэпіч, банкаўская група Райффайзен разглядае беларускую эканоміку як «вельмі важную з пункту гледжання свайго будучага развіцця» і мае намер пашыраць сваю прысутнасць у нашай краіне.

Банкаўская група Райффайзен створана больш як сто гадоў таму і на працягу ўсёй сваёй гісторыі дэманструе стабільны рост без ніводнага выпадку банкруцтва. У якасці свайго асноўнага рынку разглядае краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і СНД, працуе ў 16 краінах. Валюта балансу перавышае $60 млрд., прагназуемы прыбытак за 2006 год складзе $680 млн. Холдынгу Райффайзен прысуджана званне «Банк года‑2006» у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

Фота Raiffeisen International

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?