Усе выходныя расейскія СМІ казалі, з спасылкай на словы Лукашэнкі, што той скасаваў нафтавыя пагадненьні з Расеяй. Прэс-службе беларускага кіраўніка прыйшлося заявіць, што яго "няправільна зразумелі". Выглядае, што новы дэвіз інфармацыйнай палітыкі Расеі да Лукашэнкі — «усё, што вы скажаце, можа быць выкарастана супраць вас».

Заявы расейскіх СМІ, што Аляксандар Лукашэнка ануляваў пагадненьні па нафце, падпісаныя з Расеяй, не адпавядаюць сапраўднасьці. «Гэта — найсапраўднейшая правакацыя, скіраваная на дэстабілізацыю двухбаковых стасункаў», — заявіў кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Павал Лёгкі. «Беларускі бок зацікаўлены ў як мага хутчэйшым высьвятленьні крыніцы гэтай дэзінфармацыі», — падкрэсьліў ён.

Для вырабу дэзынфармацыі расейскія СМІ выкарысталі Лукашэнкавы імправізацыі з наваполацкай нарады па пытаньнях дывэрсіфікацыі крыніцаў паставак энэрганосьбітаў.

Там ён сказаў: «Дэлегацыя, якая вядзе зноў перамовы, атрымала ад мяне простыя ўказаньні: тыя кампаніі, якія будуць нам прапаноўваць гэткія кантракты па гэткіх цэнах завышаных — тут па прапампоўцы нафты ў Эўропу будуць абкладацца дадатковым мытам, каб мы маглі кампэнсаваць свае страты ад звышсусьветных цэнаў». Як адцеміў Аляксандар Лукашэнка, расейскія кампаніі прапампоўваюць па тэрыторыі Беларусі прыкладна 80 мільёнаў тонаў нафты і «краіне ёсьць чым кампэнсаваць» свае страты.

Аляксандар Класкоўскі ў сваім блогу заўважае, што цытата Лукашэнкі была скажоная журналістам ІТАР-ТАСС да супрацьлеглага сэнсу:

«Вось як падае цытату БЕЛТА: “Если нам сегодня говорят, мол, “мы вам пошлины “выкатим” по тракторам, по холодильникам, стиральным машинам, телевизорам и прочее” — мы знаем, где “выкатить” пошлины тем, кто будет этим заниматься”. І вось як праз два дні (!) гэта перакручвае хабараўскі (увогуле нейкая фантасмагорыя!) карэспандэнт ТАСС: “Мы выкатим пошлины по тракторам, холодильникам, стиральным машинам, телевизорам и прочим товарам”, - заявил белорусский президент”. З дакладнасьцю ды наадварот. Тут варта верыць БЕЛТА. Хаця б зыходзячы з элемэнтарнай лёгікі: хіба расейцы нам трактары прадаюць?»

Аляксандар Лукашэнка прывык гаварыць шмат. Усё, што казалі ягоныя апанэнты, выкарыстоўвалася супраць іх - машынай дзяржаўных СМІ, судамі, Ярмошынай. Яму ж дазвалялася гаварыць усё. Пра ўсіх і ўсё. Беларусаў, замежнікаў. Пра сфальшаваныя выбары, пра незалежныя газэты, якія прадаюцца на кожным кроку. Гэткая манера прамаўляць -- неад'емны элемэнт, калі не аснова папулісцкага рэжыму. Эўрапейцы, ня звыклыя да такога стылю, адракліся кантактаў з Лукашэнкам, а заадно і зь Беларусьсю. Калі была поўная падтрымка Масквы, гэта мала турбавала беларускія ўлады.

Патрабуючы платы па рахунках «саюзнае дзяржавы», Масква ўжыла супраць А. Лукашэнкі прыёмы, якія 12 гадоў праходзілі апрабацыю на беларускім палітычным полі. Выглядае, што новы дэвіз інфармацыйнай палітыкі Расеі да Лукашэнкі — «усё, што вы скажаце, можа быць выкарастана супраць вас».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?