Каардынатар «Хартыі’97» Зьміцер Бандарэнка прапанаваў абвесьціць 25 Сакавіка дзяржаўным сьвятам – Днём волі і яднаньня, адзначыўшы яго супольнай акцыяй уладаў і апазыцыі ў абарону незалежнасьці Беларусі пад лёзунгам «За Свабоду! За Беларусь!».

«25 сакавіка 2007 г. павінна стаць дзяржаўным святам – Днём Яднаньня і Прымірэньня ўсіх беларусаў. Цяпер ня час падзяляць беларусаў на «сваіх» і «чужых». Само жыцьцё прымушае беларусаў яднацца. (…) У сьвяткаванні павінны ўзяць удзел кіраўніцтва краіны і лідэры апазыцыі, старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, кіраўнікі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, іншых канфэсій, вядомыя грамадзкія і культурныя дзеячы. Улада ў сваю чаргу павінна зрабіць крокі насустрач: акрамя абвяшчэньня 25 Сакавіка дзяржаўным сьвятам, павінны быць вызваленыя ўсе палітычныя вязьні і зробленая заява кіраўніцтва краіны пра пачатак адкрытага дыялёгу з апазыцыяй. А дэвізам агульнанацыянальнай акцыі прымірэньня і яднаньня 25 сакавіка 2007 г. могуць стаць словы – «За Свабоду! За Беларусь!», — гаворыцца ў заяве З. Бандарэнкі.

Што думаюць пра магчымасьць правядзеньня такой акцыі прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партыяў, прадстаўнікі ўладаў, дзеячы культуры?

Дэпутат Сяргей Касьцян мяркуе, што «Паміж беларусамі не было ніякай вайны, таму ня можа быць ніякага дня прымірэньня і яднаньня. Тым больш з такой апазыцыяй, якую мы маем у Беларусі. Вядома, апазыцыя патрэбная ў грамадзтве, але патрэбная такая апазыцыя, якая б ня езьдзіла на Захад і не патрабавала ніякіх санкцыяў супраць афіцыйнага Менску. Няхай апазыцыя таксама працуе дзеля таго, каб краіна квітнела і разьвівалася. Ня трэба ніякі шум і мітынгі ўладам не патрэбныя, людзі і так бачаць, што яны робяць для дабра краіны».

Партыя БНФ у сваю чаргу прыняла рашэньне склікаць аргкамітэт сьвяткаваньня Дня Волі. «25 Сакавіка мусіць стаць галоўным днём вясны‑2007, – сьцьвярджае Вінцук Вячорка. – 25 Сакавіка мусіць стаць нагодай для агучваньня нашых падыходаў да будучыні Беларусі. Сёньня ёсьць тупік у разьвіцьці беларускай эканомікі, тупік у разьвіцьці беларускай дзяржаўнасьці. І выйсьце з усяго гэтага – тэрміновыя дэмакратычныя рэформы. Яны дазволяць нам вярнуцца ў Эўропу, атрымліваць сур’ёзную дапамогу з боку Эўразьвязу і ЗША. Як сьцьвярджае ўлада, незалежнасьць ёсьць каштоўнасьцю й для яе. Такім чынам улада атрымлівае магчымасьць засьведчыць, што на глебе Незалежнасьці яна можа яднацца з дэмакратычнымі сіламі».

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў у сваю чаргу мяркуе, што «яднаньне» беларускага народу і так штогод адбываюцца на Дзень Волі, «калі прадстаўнікі праваахоўных органаў зьбівалі тых, хто прыходзіў адзначыць гэты дзень на плошчы Менску і іншых гарадоў. Людзі розных палітычных перакананьняў у гэты дзень ужо даўно зьбіраюцца ў адных і тых месцах. Той жа міліцыі на Дзень Волі выдаюць адмысловую сьвяточную экіпіроўку. Што да сёлетняга сьвяткаваньня, то я ня бачу сымптомаў, каб яно склалася не па традыцыі апошніх гадоў. Што да пэрспэктывы, то я ўпэўнены, што 25 Сакавіка стане дзяржаўным сьвятам».

Музыка гуртоў Н.Р.М. і «Гарацкія» Піт Паўлаў наконт сумеснага ўдзелу ў канцэрце 25 Сакавіка разам з праўладнымі музыкамі: «Галоўнае, каб з намі была папярэдняя дамоўленасьць, каб былі абмеркаваныя ўсе крокі па ўдзеле. Калі такога ня будзе, то мы відавочна ня будзем удзельнічаць. Патэнцыйна ж мы ня супраць».

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што ідэя цікавая, але маларэалістычная: «Ідэя крэатыўная. Перад вачыма ў мяне адразу прабягаюць наступныя кадры яднаньня на Сьвіслачы. Першай хваляй ідуць Лукашэнка з Шэйманам, другой – Мілінкевіч, Калякін, Лябедзька, а наперадзе ўсёй гэтай калёны ідуць абняўшыся Дзьмітры Паўлічэнка і Зьміцер Бандарэнка. Карціна амаль казачная, але ня вельмі рэалістычная. Сёньня я слаба прадстаўляю такое разьвіцьцё падзеяў, бо мы добра ведаем, што ўяўляе сабой гэтая ўлада. Аднак падобныя мэсыджы і надалей павінны сыходзіць з нашага боку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?