Аляксандр Лукашэнка прапанаваў вярнуцца да выдзялення ўчасткаў з сельгасугоддзяў толькі са згоды кіраўніка дзяржавы. Адпаведную прапанову ён выказаў сёння на нарадзе па пытаннях выключэння і прадастаўлення зямельных участкаў з сельскагаспадарчых зямель.

«Я думаю, што трэба разгледзець пытанне аб вяртанні гэтай функцыі (прыняцця рашэння аб выключэнні ўчасткаў з сельгасугоддзяў) на ўзровень прэзідэнта», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, адвядзенне сельскагаспадарчых зямель пад будаўніцтва і на іншыя патрэбы магчыма толькі з яго дазволу.

Да прыняцця ўказа № 667 ад 27 снежня 2007 года права выключаць і прадастаўляць участкі з сельгасзямель меў толькі кіраўнік дзяржавы. Пасля прыняцця ўказа гэтым правам былі надзелены аблвыканкамы і Мінгарвыканкам. За той час, пакуль губернатарам было дазволена выключаць участкі з сельгасугоддзяў, аб’ём выключаных тэрыторый павялічыўся ў дзясяткі разоў, адзначыў Прэзідэнт. Таму Аляксандр Лукашэнка лічыць, што цяпер ёсць усе падставы, «каб вярнуць усё, як было некалі».

«Зямля — гэта найвышэйшая каштоўнасць любой дзяржавы. Беражлівыя адносіны да выкарыстання зямельных рэсурсаў з’яўляюцца залогам працвітання нацыі. А ў наш час для любой дзяржавы — гэта пытанне эканамічнай і харчовай бяспекі краіны», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што гэта асабліва актуальна для Беларусі: «Мы не маем значных запасаў карысных выкапняў. І самы „карысны выкапень“ для нас — гэта тое, што стварылі мінулыя пакаленні».

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што не так даўно паўнамоцтвы ў гэтай сферы былі перададзены губернатарам. Прычынай для прыняцця такога рашэння паслужыла тое, што быццам бы патрэбна было шмат часу для выдзялення ўчасткаў, калі такое рашэнне прымалася на вышэйшым узроўні. «Усе плакалі, галасілі, стагналі, пакутавалі, што гэта павялічвае час для таго, каб адвесці зямлю пад якую-небудзь будоўлю і г.д.», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. У пацвярджэнне свайго меркавання Аляксандр Лукашэнка прывёў наступныя лічбы: у 2007 годзе з сельскагаспадарчых зямель было выключана 362,6 га, а ў 2008 годзе, пасля перадачы паўнамоцтваў губернатарам, — больш як 1,364 тыс.га, у 2009 годзе — амаль 5,5 тыс.га (з іх больш як 4,2 тыс.га ворных зямель), у 2010 годзе — 2,3 тыс.га, паводле даных на 14 кастрычніка 2011 года — перасягнуты паказчык мінулага года, з сельскагаспадарчых зямель выключана 2,540 тыс.га, з іх 1800 га — ворыўных. «Не проста ў разы, у дзесяць разоў больш вы пачалі кожны год выключаць землі сельгаспрызначэння і перадаваць ці то пад будоўлі, ці то пад кар’еры, ці то яшчэ пад што-небудзь», — пракаментаваў Лукашэнка тэндэнцыю апошніх гадоў. «Гэта што за стаўленне? І прытым прынцып такі, як у мінулым годзе, так і ў гэтым: а Васька слухае ды есць», — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што нельга так па-варварску ставіцца да зямель. Ён даручыў Камітэту дзяржаўнага кантролю і Адміністрацыі Прэзідэнта неадкладна правесці аналіз і далажыць кіраўніку дзяржавы па акалічнасцях, пры якіх былі выключаны тысячы гектараў сельгасугоддзяў. «Я вас папярэджваў: ніякага будаўніцтва ферм на землях сельскагаспадарчага прызначэння быць не можа. Зносьце старыя фермы і будуйце новыя або на няўдобіцах», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама лічыць, што землі сельгасугоддзяў могуць быць выдзелены для будаўніцтва жылля толькі ў выключных выпадках. На яго думку, для гэтага лепш выкарыстоўваць свабодныя плошчы ў населеных пунктах або ў выключных выпадках «прыразаць да вёсак прысядзібныя ўчасткі для размяшчэння жылога дома». Магчыма таксама, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, выдзяленне такіх зямель пад «суперінвестыцыйныя праекты». «Для іншых мэт зямля не павінна выкарыстоўвацца», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што «зямля, якая дае хлеб, яна павінна даваць хлеб». І займаць яе пад іншыя мэты нельга.

«Вядома, у нейкіх выпадках нам давядзецца адводзіць зямлю сельгаспрызначэння пад нейкія аб’екты, але гэта дзесяткі, а не тысячы гектараў», — перакананы Аляксандр Лукашэнка. Ён лічыць, што у той час, калі рашэнне аб выдзяленні ўчасткаў прымаў ён, ніякай валакіты і бюракратызму не было, а наконт працяглага часу, неабходнага на ўзгадненне рашэння аб выдзяленні ўчасткаў у кіраўніка дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што «мы гэты час скароцім»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?