Дэлегаты другога з’езда Саюза пісьменнікаў Беларусі, які прайшоў 17–18 кастрычніка ў Мінску, пераабралі старшынёй арганізацыі Мікалая Чаргінца.

Паводле афіцыйнай інфармацыі падліковай камісіі, за дзейнага старшыню СПБ прагаласаваў 461 дэлегат, супраць — адзін, трое ўстрымаліся.

Дэлегаты з’езда таксама абралі 23 членаў праўлення СПБ, двух сакратароў праўлення і пяць прадстаўнікоў рэвізійнай камісіі.

Аднагалосна работа праўлення саюза за мінулыя пяць гадоў была прызнаная здавальняючай.

Дэлегаты з’езда прынялі выніковую рэзалюцыю. Згодна з тэкстам дакумента, СПБ адзначае «пазітыўны ўдзел» дзяржавы ў развіцці літаратурнага накірунку нацыянальнай культуры і адукацыі. Адзначаецца, што дзяржава актыўна падтрымлівае, у прыватнасці, літаратурна-мастацкія часопісы і газеты.

Як вынікае з рэзалюцыі, саюз будзе хадайнічаць аб уключэнні часопісаў «Бярозка» і «Роднае слова» ў спіс сродкаў масавай інфармацыі, рэдакцыям якіх аказваецца падтрымка з рэспубліканскага бюджэту ў адпаведнасці з ўказам прэзідэнта аб падтрымцы асобных СМІ і некаторых арганізацый.

«Мы цалкам падтрымліваем палітыку, якую праводзіць усенародна абраны прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, — адзначаецца ў рэзалюцыі. — Толькі самаадданая стваральная праца, у тым ліку на літаратурнай творчай ніве, з’яўляецца падмуркам таго, што Рэспубліка Беларусь, застаючыся незалежнай і суверэннай дзяржавай, праводзячы самастойную палітыку, з кожным годам будзе ўсё больш квітнець і багацець».

Падчас выступаў некаторыя пісьменнікі адзначалі, што іх калегі мала робяць, каб захаваць беларускую мову; таксама штогод адкрываюцца рускамоўныя, але зачыняюцца беларускамоўныя школы, спыняюць працу беларускамоўныя выданні, напрыклад газета «Раніца». Між тым, прапанова ўнесці ў рэзалюцыю праўку пра тое, што члены СПБ «сур’ёзна заклапочаныя» станам беларускай мовы ў краіне, была адхілена.

Галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка» Уладзімір Ліпскі сказаў, што парады мінулага пленума праўлення СПБ адносна пытанняў дзіцячай літаратуры «ніяк не выконваюцца». Ён параіў калегам навучыцца піярыць свае творы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?