Каб разабрацца ў гэтай з’яве, мы звярнуліся да прадстаўніка пакалення хіпстараў.

«Наша Ніва»: Хто такія хіпстары?

Іван Воранаў: Насамрэч хіпстараў не існуе, а ўся гэтая шуміха — проста яшчэ адзін захад па выманні грошай з бацькоўскіх кішэняў. Калі тлумачыць, то хіпстар — гэта спажывец нейкай моды, якая нібыта «не для ўсіх». Мода на духоўныя багацці, на тонкі густ і непераадольную цягу да ўсяго некамерцыйнага, рэдкага.

«НН»: Чым хіпстарства адрозніваецца ад іншых моладзевых субкультур?

ІВ: У аснове сваёй — нічым. Як і любая цацка для моладзі, хіпстарства мае асноўнай мэтай быць не як усе, не быць у мэйнстрыме. Адрозненне хіба ў тым, што яно вымагае быць разумным і «незалежным» ці хаця б падавацца такім. Гэта значыць, што хіпстару трэба прачытаць хаця б адну кніжку якога-небудзь контркультурнага аўтара, паглядзець хаця б адзін артхаўзны фільм, паслухаць хаця б адзін гурт, пра які ведае менш за сотню чалавек. Але можна абмежавацца проста выглядам духоўна багатага чалавека.

«НН»: Ці можна сцвярджаць, што хіпстары — метрасэксуалы?

ІВ: На маю думку, метрасэксуалам можна называць любога маладога чалавека, якому яшчэ не пашанцавала ажаніцца. Каб быць модным сярод хіпстараў, зусім не абавязкова аддаваць шмат часу сваёй знешнасці. Для іх цалкам натуральна мець крыху дзіўнаваты знешні выгляд, старыя (зусім добра, калі дзедавы ці бабіны) рэчы, растрапаныя валасы, бараду, нейкія іншыя рэтра-элементы. Робіцца ўсё гэта, каб падчапіць якую-небудзь дзяўчыну.

«НН»: Як выглядае тыповы хіпстар?

ІВ: Хутчэй за ўсё гэта будзе кашуля ў клетку, вузкія нагавіцы, цёмныя акуляры з 80-х (магчыма, без дыёптрый ці нават без шкла), кардыган, паліто, капялюш, самыя розныя цішоткі, абутак накшталт топ-сайдараў ці сліпонаў (сярэдняе паміж паміж кедамі і туфлямі). Хіпстар павінен любіць рэтрарэчы з 80-90-х: палароіды, старыя бацькоўскія рэчы, зеніты, старыя фота. Узрост — старэйшая школа, універ і крыху пасля. Мабыць, студэнтаў асабліва шмат. Дзяўчат, дарэчы, болей. Адукацыя — гуманітарый. У ідэале — філасофія, журналістыка, псіхалогія, музыка, фатограф.

«НН»: Чаму шмат у каго негатыўнае стаўленне да хіпстараў?

ІВ: Беларускае грамадства так ставіцца да ўсяго новага. На захадзе што-небудзь з’явіцца, разаўецца і ўжо пачне знікаць, а ў нас пра гэта толькі пачулі. Беларусь захрасла недзе ў 90-х і нікуды не спяшаецца.

Асабіста я да гэтай культуры стаўлюся станоўча — вядома ж, усё робіцца дзеля грошай, але ж мода прымусіла шмат каго пачаць чытаць, глядзець кіно не з Галівуда, цікавіцца чымсьці акрамя бухла і цыгарэтаў, знайсці незвычайнае хобі. Гэта добра.

«НН»: Дзе звычайна можна сустрэць беларускіх хіпстараў?

ІВ: У «Вконтакте» і Твітары, дзе яны мераюцца духоўным багаццем праз незвычайныя малюнкі, рэдкія запісы і статусы з «глыбокім» сэнсам. Ну яшчэ ў месцах, дзе робяць каву на вынас. Але хіпстарамі сябе не называюць. Калі хто-небудзь кажа вам, што ён хіпстар, то, хутчэй за ўсё, ён злосны троль, які здзекуецца з прынцыпаў і самой культуры. Ніхто пра гэта не кажа, бо трэба ж быць не як усе.

«НН»: Ці стасуецца «хіпстар» з беларускай мовай?

ІВ: Беларуская мова стасуецца з усім! Усе мовы свету падыходзяць да ўсяго, у тым ліку і беларуская.

* * *

Іван пра сябе

22 гады, вучуся ў БДУ. Працую ў IT сферы. Гуманітарый. Ад бацькі засталося шмат вінілаў, таму з дзяцінства падсеў на музыку. Люблю чытаць, люблю панк першай хвалі і постпанк. Так паступова капаў-капаў, потым мяне пазнаёмілі з нечым накшталт індзі.

Топ-10 «хіпстарскіх» фільмаў

    1. Вечнае ззянне чыстага розуму
    2. Салдаты няўдачы
    3. Factory Girl
    4. Пыл
    5. Гэта Англія!
    6. Рэквіем па мары
    7. 99 франкаў
    8. На іголцы
    9. Амерыканская гісторыя Х
    10. Sin Nombre
    Топ-10 «хіпстарскіх» аўтараў
    1. Чак Паланік
    2. Віктар Пялевін
    3. Фрыдрых Бегбедэр
    4. Уільям Бероўз
    5. Карлас Кастанеда
    6. Тайша Абеляр
    7. Ру Муракамі
    8. Кен Кізі
    9. Оскар Уайлд
    10. Жорыс Карл Гюісманс
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?