17 студзеня ў Маскве адбылася ўстаноўчая канфэрэнцыя, на якой было прынятае рашэньне аб стварэньні Міжнароднага грамадзкага руху «Супрацоўніцтва і прагрэс». Старшынём руху адзінагалосна быў выбраны былы сьпікер Савету Рэспублікі, акадэмік Аляксандар Вайтовіч. Сярод заснавальнікаў руху таксама кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах‑2001 Мікалай Мякека, а таксама прэзыдэнт Міжнароднай асацыяцыі абароны правоў чалавека Валер Дунаеў.
Па словах Вайтовіча, у пачатку лютага устаноўчая канфэрэнцыя мае прайсьці ў Менску, пасьля ў Кіеве і Вільні, толькі тады будуць пададзены дакумэнты на рэгістрацыю. Рух будзе зарэгістраваны ў Расеі, бо, як кажа Аляксандар Вайтовіч, зрабіць гэта ў Беларусі амаль немагчыма.
Галоўнай мэтай руху зьяўляцца «пашырэньне палітычнага, сацыяльна‑эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва паміж Беларуьсю і Расеяй», а таксама «дапамога ў станаўленьні дэмакратычнай дзяржавы ў Беларусі, падтрымкі незалежнай беларускай дзяржавы з боку Расеі і ўсёй сусьветнай супольнасьці».
Вайтовіч паабяцаў, што ўжо бліжэйшым часам аддзяленьні руху маюць зьявіцца ў суседніх краінах, прынамсі, у Літве, на базе выкладчыкаў і студэнтаў ЭГУ.
Памочнік Вайтовіча Анатоль Фёдараў адзначыў, што «для Беларусі не падыходзіць мадэль «псэўдлібэральных» рэформаў, якую прапаноўвае апазыцыя». «Рэалізацыя нашых праектаў у рамках праграм аб’яднанай апазыцыі значна б звузіла кола нашых патэцыйных прыхільнікаў, — адзначыў Вайтовіч. – Але па тых пунктах, дзе мы будзем мець агульныя мэты, мы, натуральна, будзем супрацоўнічаць».
Яшчэ адзін з пастулятаў руху: «Мы маем на мэце супрацоўнічаць з уладай, наколькі ўлада гатовая супрацоўнічаць з намі і мы будзем вымушаць яе супрацоўнічаць. Мы лічым, што гэта будзе на дабро краіны. Мы ня хочам ніякіх рэвалюцыяў у Беларусі».
Рух Вайтовіча падтрымаў расейскі палітоляг Андрэй Суздальцаў, які займаецца беларускімі дасьледаваньнямі. Той самы, які нядаўна заклікаў ажыцьцявіць паказальныя дэпартацыі беларусаў з Расеі.