Сэкс-сімвал Ц'енчэн Вобга гуляе за моладзевую зборную Беларусі па футболе.

Сэкс-сімвал Ц'енчэн Вобга гуляе за моладзевую зборную Беларусі па футболе.

 Дантэ Стыгерса хутка натуралізавалі і хутка згубілі.

Дантэ Стыгерса хутка натуралізавалі і хутка згубілі.

 Плат гатовы папацець за Беларусь.

Плат гатовы папацець за Беларусь.

Мяч замест мяча

Некалі ў войскі Вялікага Княства Літоўскага запрашаліся легіянеры з суседніх дзяржаваў — татары, вугорцы, немцы, чэхі, шатландцы.

Гэта былі наёмныя ваяры, якія за грошы баранілі сцяг княства. Па сканчэнні кантракта большасць вярталася на радзіму, хаця былі і такія, што абрасталі каранямі ў нас.

У цяперашні мірны час легіянеры нікуды не дзеліся і функцыі іх таксама, у прынцыпе, засталіся ранейшымі. Вось толькі мяч замест мячоў.

Лонданцы без англічан

Гэта ўжо аксіёма, што легіянеры атрымліваюць больш за мясцовых. У каманды бяруць толькі тых чужакоў, якія нашмат мацней за тубыльцаў. На легіянераў асаблівыя спадзяванні, з іх найбольш пытаюць у выпадку пройгрышу.

У сённяшнім еўрапейскім спорце легіянеры сталі звыклай з’явай. Бывала, што ў асноўным складзе лонданскага «Арсенала» не выходзіла ніводнага ангельца. Толькі шыльда сведчыла, што гэтая каманда з Лондана.

«Дынамаўскі» інтэрнацыянал

У Беларусі падобныя тэндэнцыі таксама існуюць. Найперш гэта тычыцца хакейнага мінскага «Дынама». Колькі ўжо гэты клуб крытыкавалі за прапорцыі ў складзе сваіх і чужых.

Так атрымліваецца, што на галоўных ролях у камандзе легіянеры з Канады, Чэхіі, Славакіі, Фінляндыі. Нават трэнер чэх Марэк Сікора. А вось нашы хлопцы абмяжоўваюцца тым, што «цягаюць для лідараў піяніна» ў трэцім і чацвёртым звёнах.

У гэтым пытанні існуе два меркаванні. Ці рабіць «Дынама» базавым клубам для зборнай, што цяпер не робіцца. Ці дасягаць кароткачасовага выніку намаганнямі прыезджай сілы. Сёлета пакуль атрымліваецца досыць удала. Трыбуны «Мінск-Арэны» добра запаўняюцца.

Канадцы з беларускімі пашпартамі

Праўда, здараецца, што вось толькі трыбуны палюбяць некага з хакеістаў, як ён памахае ім ручкай. Тое было, прыкладам, з фінам Ханэсам Хювяненам, якога прадалі ў казанскі «Ак Барс».

Выключэннем тут можа быць хіба канадзец Джэф Плат, які ўжо трэці сезон у Беларусі. Плат абжыўся ў нашай краіне да такой ступені, што ўжо падумвае пра змену грамадзянства.

А сёлета да гэтых думаў далучыліся яшчэ трое ягоных суайчыннікаў: брамнік Кевін Лаланд, абаронца Дэні Гру і нападаючы Чарльз Лінглет.

Невядома, ці канадцы самі выступілі з такой ініцыятывай, ці тое ім прапанавалі ў клубе. Самі яны не адмаўляюцца, але зазначаюць, што пашпарт з кляновым лістом губляць не хочуць.

Дарэчы, Дэні Гру «Дынама» ўжо пакінуў. Цяпер ён гулец «Югры». Цікава, ці ўспамінае хакеіст у ханты-мансійскай тайзе пра беларускую авантуру з грамадзянствам.

Траціна з Расіі

У хакеі натуралізаваныя канадцы — з’ява нярэдкая. Такія ёсць у Нямеччыне, Швейцарыі. Хаця Беларусь у гэтым плане ўсё адно наперадзе планеты ўсёй.

У беларусаў ці не траціна зборнай скадаецца з былых расіян: Андрэй Мезін, Віталь Коваль, Мікалай Стасенка, Сяргей Дзямагін, Аляксей Угараў, Андрэй Сцяпанаў, Яўген Кавыршын.

Але наймацнейшымі ў беларускім хакеі з’яўляюцца ўсё ж свае. Міхаіл Грабоўскі з Мінска, а браты Касціцыны — з Наваполацка.

Скандынаўскія брамнікі

Ва ўнутраным першынстве большасць легіянераў з абшараў былога СССР (Расія, Украіна, Латвія, Эстонія). Зрэдку трапляюцца чэхі і славакі.

Ёсць і два досыць каларытныя брамнікі са Скандынавіі — фін Окса і нарвежац Хаўген. Абодва пераходзілі ў мінскае «Дынама», каб загуляць у КХЛ, аднак не атрымалася. «Вікінгаў» аддалі ў арэнду «Юнацтву» і «Шахцёру» адпаведна.

Свой бразілец

У футболе ў нас таксама ёсць свой Джэф Плат. Футбаліст БАТЭ бразілец Рэнан Брэсан ужо атрымаў беларускі пашпарт, а праз паўгода ён нарэшце зможа адзець майку зборнай.

Брэсан пераконвае, што, дзе б ён ні быў у будучыні, кавалак сэрца заўсёды будзе належыць Беларусі — краіне, якая дала яму пуцёўку ў футбол.

Дагэтуль у нацыянальнай камандзе выступалі ўкраінцы Сяргей Герасімец, а таксама браты Максім і Міраслаў Рамашчанка. А вось у палякаў у зборнай ужо быў легіянер — нігерыец Алісадэбе.

За «бела-чырвоных» ён выступаў пяць гадоў, за якія забіў адзінаццаць галоў. Потым яго перасталі выклікаць у каманду, а апошнім часам сляды Алісадэбе згубіліся недзе ў Кітаі.

Ад Кае да Кежмана

Першымі легіянерамі не з постсавецкай прасторы на чэмпіянаце Беларусі былі таксама нігерыйцы — Петэр Кае і Мухамед Сані. Напрыканцы 1990-ых яны выступалі за мінскае «Тарпеда». З’яўленне цемнаскурых футбалістаў нярэдка выклікала прыступы расізму на стадыёнах.

З часам легіянеры сталіся нормай ва ўсіх айчынных камандах. Напрыклад, за БАТЭ гуляюць сербы Кежман і Сіміч, а таксама бразілец Алекс.

Беларусь вачыма француза

У мінскага «Дынама» цэлае бразільскае зямляцтва: Леанарда, Ледэсма, Фурлан. Таксама ў складзе гулец зборнай Габона Бруна Мбанангой і француз Аральен Мантаруп.

Апошні, да слова, адзіны француз, які калі-небудзь гуляў у Беларусі. Да пераходу ў Мінск ён гуляў у камандах ніжэйшых ліг. «Прызнаюся, я ўяўляў Беларусь шэрай, сумнай, адзначанай жахамі вайны. Насамрэч Мінск цалкам адноўлены. Я быў здзіўлены аграмаднымі праспектамі. Мне сказалі, што гэта для таго, каб праходзілі танкі», — піша Мантаруп у сваім блогу.

Ён ужо тры гады гуляе ў Беларусі. «Футбаліст у гэтай краіне зарабляе 3 тысячы ў месяц, больш чым 10-разовае перавышэнне сярэдняга заробку. Яшчэ адзін прыклад багацця — дзяўчыны гульцоў з ног да галавы ў Gucci. Але хакеістам плацяць болей», — зазначае Мантаруп.

Афрыканская дыяспара

Літоўскі легіён прадстаўлены ў першую чаргу брамнікамі: Курскіс («Шахцёр»), Скіндэрыс («Мінск»), Барткус («Дынама» Брэст). За «Гомель» гуляе эстонец Андрэй Сцяпанаў, які нядаўна са сваёй зборнай выйшаў у плэй-оф да чэмпіянату Еўропы. Ёсць грузіны, армяне, латышы.

Афрыканскі кантынент, апроч Мбанангоя, прадстаўляюць сенегалец Мендзі («Дынама» Брэст), івуарыец Сора («Мінск»), гвінеец Камара («Партызан»). Дзяўчат з Камеруна завозяць і жаночыя футбольныя клубы.

Хаця чарнаскурым цяпер нікога не здзівіш. За мола-дзевую зборную гуляе цёмны хлопец Ц’енчэн Вобга. Ягоны бацька — камерунец, а маці — беларуска.

Дантэ не прыжыўся

Пакуль што далей за ўсіх пайшлі ў баскетболе. Там майку зборнай ужо прымяраў амерыканец Дантэ Стыгерс. Усе тры матчы, у якіх ён узяў удзел, беларусы прайгралі.

Відаць, Дантэ палічыў, што кашы з такой камандай не зварыш, і перастаў адгукацца на запрашэнні з Беларусі. Цяпер гуляе за грэчаскі ПАОК.

Магчыма, Стыгерс не будзе такім унікальным. За «Мінск-2006» гуляе трыа цемнаскурых амерыканцаў: Джуліяс Нокс, Джансціян Хокінс, Дэвон Хардынг. Яшчэ ёсць харват Ведран Накіч і літовец Роландас Руткаўскас. У беларускім баскетболе грошы ходзяць невялікія, але яны большыя, чым легіянеры могуць зарабіць у сябе дома.

Барацьба і бокс за каўказцамі

У алімпійскіх відах спорту таксама нярэдкія выпадкі завозу легіянераў: біятлон, фрыстайл, мастацкая гімнастыка.

Зборныя па барацьбе і боксе часам нагадваюць каманды Паўночнага Каўказа.

Зрэшты, і самі беларусы нярэдка падаюцца на легіянерскія хлябы. У сённяшні імклівы час цяжка ўседзець на месцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?