Націск на Беларусь ажыцьцяўляецца па ўказаньні Крамля, заявіў сёньня кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы ў Менску зь лідэрам Камуністычнай партыі Расеі Генадзем Зюганавым. «Беларусь пачынаюць душыць, травіць, з нас проста зьдзекуюцца — вы бачыце, што сёньня адбываецца ў СМІ. Але яны гэта робяць па ўказцы з Крамля, гэта я дакладна ведаю», - падкрэсьліў прэзыдэнт. «Вось расейская дэмакратыя, і вось паводзіны расейскага кіраўніцтва».

Паводле кіраўніка дзяржавы, на Беларусь ужо ня першы год з боку Расеі ідзе масіраваная атака. «Якая краіна эканамічна можа вытрымаць за два гады двайное павелічэньне цэнаў на газ?», — заявіў Лукашэнка.

Прэзыдэнт таксама дадаў, што з увагі на апошнія цэны на расейскую нафту, Беларусь пры перапрацоўцы будзе несьці страты да 90 даляраў за тону. Тым ня менш Лукашэнка падкрэсьліў, што ўсё гэта ня мае ніякіх адносінаў да расейскага народу: «Тут адыходу ад векавога гістарычнага курсу ў Беларусі ня будзе, асабліва пры мне. Мы заўсёды былі і будзем з расейскім народам. Вы хочаце нас называць фарпостам Расіі на захадзе - называйце, мы ад гэтага ніколі не адмаўляліся. Але гэта таксама каштуе нечага».

І назваў пустымі «размовы аб тым, што Лукашэнка фліртуе з Захадам». «Я ні з кім не фліртую. Я проста прапаную: давайце вы гэты каменны мур разбурайце, за што вы заўсёды папракалі Савецкі Саюз, - і будзем размаўляць»

«Мы прызнаём, што ў нас дэкляраваная шматвэктарная палітыка фактычна адбылася як аднавэктарная. Нам вельмі важна наладжваць адносіны з Захадам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?