21 кастрычніка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа адбылася прэзентацыя кнігі Леаніда Несцерчука «Станіслаў Аўгуст Панятоўскі: манарх, асветнік, мецэнат».

Дагэтуль у айчыннай бібліяграфіі не было ніводнай глыбокай працы, прысвечанай гэтай яркай і супярэчлівай гістарычнай фігуры XVIII стагоддзя, ураджэнцу Брэстчыны. Гэты прабел запоўніў сваёй аб’ёмнай кнігай берасцеец Леанід Несцярчук.

Дыхтоўна выдадзеная кніга пра апошняга караля польскага і вялікага князя літоўскага змяшчае звыш 220 якасна выкананых ілюстрацый. Яе аснову складаюць працы, выданыя ў Польшчы, а таксама рукапісныя і друкаваныя крыніцы са шматлікіх архіваў і бібліятэк Масквы, Львова, Вільні, Парыжа, Лондана, Нью-Ёрка, Мінска, Гродна, Брэста.

Прадстаўнік магнацкага роду Станіслаў Аўгуст Панятоўскі нарадзіўся ў цяперашняй вёсцы Воўчын Камянецкага раёна, атрымаў цудоўную адукацыю, падарожнічаў па Еўропе. У 1755–1758 гадах (з перапынкам) знаходзіўся ў Санкт-Пецярбургу як сакратар англійскага пасольства і пасол Саксоніі і Рэчы Паспалітай. Зблізіўся з вялікай княгіняй Кацярынай (будучай Кацярынай II), у выніку іх адносінаў нарадзілася дзяўчынка. Пры падтрымцы былой каханай узышоў на трон Рэчы Паспалітай. Падчас кіравання дзяржавай праводзіў рэформы, аказваў падтрымку мастацтвам і навукам. Аднак пры ім Рэч Паспалітая перажывала крызіс і ў выніку трох падзелаў спыніла існаванне. 25 лістапада 1795 года Панятоўскі падпісаў адрачэнне ад трона на карысць Кацярыны II.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?