Сёньня ў Вільні адбылося адкрыцьцё Беларускага дому правоў чалавека. Гэта асацыяцыя беларускіх і літоўскіх няўрадавых арганізацыяў, зарэгістраваная ў Літве. Мяркуецца, што ў Беларускім доме будуць праходзіць адукацыйныя сэмінары, канфэрэнцыі ў праблемах правоў чалавека.

Заснавальнікі Беларускага дому правоў чалавека — прыватныя асобы. Сярод іх беларусы Алесь Бяляцкі, Уладзімер Някляеў, Жанна Літвіна, Барыс Звоскаў, Аляксандар Жучкоў, Сяргей Дубавец, старшыня Фонду «Дом правоў чалавека ў Нарвэгіі» нарвэжка Марыя Дагле.

Расказвае праваабаронца Алесь Бяляцкі:

Бяляцкі: «Дзейнасьць гэтага Дому будзе распаўсюджвацца на максымальна шырокае кола тых зацікаўленых асобаў, якім неабходныя веды, якія цікавяцца ведамі ў галіне правоў чалавека. Гэта як адзін з адукацыйных праектаў, якія на сёньняшні дзень ужо ёсьць па‑за межамі Беларусі (я маю на ўвазе Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт). Мы хочам, каб дзейнасьць гэтага Дому была скіраваная ў першую чаргу на Беларусь».

Ідэю стварэньня Беларускага дому падтрымалі нарвэскія фонды «Дом правоў чалавека» і «Права слова», Нацыянальны фонд падтрымкі дэмакратыі ЗША, Швэдзкі Хэльсынскі камітэт, а таксама ўрады Нідэрляндаў і Чэскай Рэспублікі.

Гаворыць мэнэджарка праекту, супрацоўніца нарвэскага фонду «Дом правоў чалавека» Анэ Бондэ:

Бондэ: «Мы падтрымліваем заснаваньне гэтага Дому правоў чалавека, таму што лічым вельмі важным, каб у беларускіх і літоўскіх арганізацыяў была магчымасьць арганізоўваць мерапрыемствы, сэмінары. Мы разумеем, як гэта цяжка для беларускіх арганізацыяў, якія займаюцца абаронай правоў чалавека, дэмакратычнымі пераўтварэньнямі. Ім стане лягчэй працаваць».

Такія праваабарончыя дамы існуюць у Нарвэгіі, у Расеі, Босьніі і Герцагавіне, Угандзе. Дом правоў чалавека актывісты няўрадавых арганізацыяў не змаглі адчыніць у Беларусі, хаця ідэя праекту існавала ўжо сем гадоў, кажа Алесь Бяляцкі.

Бяляцкі: «На працягу апошніх, мабыць, ужо пяці гадоў у Беларусі не зарэгістравана ніводнай праваабарончай арганізацыі — таму, рэальна ацаніўшы свае шанцы, лідэры няўрадавых арганізацыяў вырашылі адкрыць такі дом у Вільні. А пры зьмене сытуацыі, натуральна, ідэя такога дому ўвасобіцца фізычна ў Менску. Прыйдзе такі час».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?