Кінематаграфісты шасці краін, у тым ліку беларускія, заняты ў здымках фільма па матывах аповесці Васіля Быкава «У тумане». Аб гэтым у інтэрв’ю карэспандэнту БЕЛТА паведаміў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Алег Сільвановіч.

Карціна паводле аповесці Быкава — адзін з найбольш вялікіх «артаўскіх» праектаў, у якіх заняты «Беларусьфільм», над ім працуе вядомы рэжысёр Сяргей Лазніца. Гэта міжнародны кінапраект, які рэалізуецца сумесна з Германіяй, Нідэрландамі, Латвіяй, Літвой і Расіяй. Як растлумачыў Алег Сільвановіч, асноўныя здымкі ўжо завершаны, фільм будзе выпушчаны ў маі наступнага года.

Сяргей Лазніца атрымаў шмат узнагарод і прызоў за фільм «Шчасце маё» (у тым ліку Гран-пры кінафестывалю «Лістапад-2010»), які быў прадстаўлены ў праграме Канскага фестывалю.
У фільме па аповесці Быкава галоўную ролю выконвае беларускі акцёр, на мантажы гуку таксама працуе беларускі спецыяліст. «Гэта вельмі маштабны праект з пункту гледжання мастацкага патэнцыялу, і мы ўскладаем на яго вялікія надзеі», — сказаў генеральны дырэктар «Беларусьфільма».

Пры гэтым Алег Сільвановіч адзначыў, што тая сістэма фінансавання, якая была нармальнай для кінагаліны раней, цяпер змяняецца праз іншыя прынцыпы і механізмы. Паводле яго слоў, змяненне ўмоў фінансавання прыводзіць да неабходнасці прыцягнення пазабюджэтных грашовых сродкаў, што дасць магчымасць здымаць больш фільмаў. Акрамя таго, важна, каб кінапрадукт з беларускім удзелам прысутнічаў не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. «Нам выгадна, калі сумесныя праекты паказваюць па тэлеканалах Расіі, Украіны.

А фільм паводле аповесці Быкава нават выйдзе ў кінапракат Еўропы, бо на ім працуе яшчэ і Германія, якая дае на рэалізацыю львіную долю сродкаў.
Безумоўна, Беларусь мае права і павінна прысутнічаць у еўрапейскім кінапракаце, пакуль хоць бы ў выглядзе сумесных пастановак», — сказаў Алег Сільвановіч.

Кіраўнік «Беларусьфільма» таксама дадаў, што цяпер перад кінастудыяй стаіць задача зрабіць эканамічна больш адчувальным эфект акупнасці грашовых сродкаў. «Мы добра разумеем, што калі прыходзіць прадзюсар і прыносіць некалькі мільёнаў долараў, ён пралічвае варыянт вяртання грашовых сродкаў. Наўрад ці ён укладзе свае грошы ў праект па прынцыпу „давай адразу зробім, а пасля будзем прадаваць“. Аналітыка будучых продажаў — гэта вельмі важны фактар пры прыняцці рашэння аб удзеле ў канкрэтным праекце», — сказаў Алег Сільвановіч. Сёння ўсе еўрапейскія краіны так ці інакш аб’ядноўваюць бюджэты для сумеснай кінавытворчасці: неабходна атрымаць больш маштабныя і прывабныя праекты. Плюс — аб’яднанне кінапракатаў краін-удзельніц. «Пры гэтым усё не так ужо адназначна, наша задача ў гэтай сітуацыі — думаць аб тым, што ўласна беларускага застанецца ў такой кінапрадукцыі. З аднаго боку, мы разумеем, што для „Беларусьфільма“ важна суфінансаванне, і мы робім стаўку на сумесныя пастаноўкі, з другога — не збіраемся адмаўляцца ад беларускага мастацкага складальніка ў нашым кіно», — рэзюмаваў Алег Сільвановіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?