Салігорскае прадпрыемства аднаўляе маёнтак у славутых мясцінах Слуцкага збройнага чыну.
У вёсцы Грозава Капыльскага раёна калісьці пачынаўся Слуцкі збройны чын, фармаваўся 2-гі Грозаўскі полк.
Але тут больш памятаюць гісторыю Другой сусветнай, і мала хто ўяўляе, што іх аднавяскоўцы ў 1920 г. актыўна аказвалі супраціў бальшавікам.
Калі спусціцца бліжэй да ракі, можна ўбачыць вялікі двухпавярховы белы будынак
з пустымі аканіцамі і ўжо дзіравым дахам.
Гэта палац Мержаеўскіх, пабудаваны ў другой палове XVIII ст. у стылі класіцызму. Ён мае сіметрычную планіроўку, і ягоная кампазіцыя вылучаецца чатырохкалонным порцікам на галоўным фасадзе. Ля будынка захаваліся рэшткі парку.
Гісторыя гэтага палаца — тыповая для беларускіх мястэчак.
Звычайна пасля рэвалюцыі ў раскошных шляхетных маёнтках размяшчалі шпіталі, інтэрнаты альбо адміністрацыю калгасаў. У Грозаве ў панскім палацы ў 1970-х гг. адкрылі школу. Пасля распаду СССР будынак пуставаў і на вачах прыходзіў у занядбанне.
Паўгода таму яго выкупіла салігорскае прадпрыемства «Даўмонт».Па словах дырэктара Івана Далматовіча,
да палаца прыглядаліся даўно – тут жа, у Капыльскім раёне арганізацыя будавала крамы і касцёл, але ўлады спачатку назвалі занадта вялікую цану за разбураны будынак.
«У нас так часта бывае –
пакуль дом яшчэ ў нармальным стане, заламваюць высокі кошт. А калі ён ужо канчаткова разбураны – хутчэй шукаюць, хто б яго ўзяў ды адрамантаваў»,– кажа сп. Далматовіч. З палацам Мержаеўскіх так і адбылося.
У пачатку лютага райвыканкам прадаў яго за адну базавую велічыню – усяго 35 тыс. рублёў.
Зараз у Грозаве ідзе актыўнае будаўніцтва. Ужо зроблена праектная дакументацыя, будаўнікі ўмацоўваюць падмурак, цокаль. Па словах дырэктара, палац быў у вельмі запушчаным стане – цяпер трэба мяняць перакрыццё паміж паверхамі, сцены, дах... Да зімы спадзяюцца замяніць пліты ды ўставіць шыбы. Нягледзячы на складанасці з фінансаваннем будаўніцтва ў Беларусі наогул, працу ў Грозаве не спыняюць. Гатэль і рэстаран хочуць адкрыць ужо ў наступным годзе.
«Мы спраектавалі 24 нумары. Большасць з іх па камфорце будзе на ўзроўні трох зорак,
але чатыры нумары будуць звышкамфортныя – класа люкс. У кожным нумары будзе барная стойка, каб можна было пасядзець з сябрамі, выпіць кубак гарбаты. Рэстарацыя змесціць каля 60 наведвальнікаў. У цяперашнім падвале плануем зрабіць вінны склеп», – кажа суразмоўца. Каштарыс праекта складае каля 3 млрд рублёў.
Дырэктар «Даўмонта» – архітэктар паводле адукацыі. Ён часта бывае за мяжой і параўноўвае гістарычныя помнікі Заходняй Еўропы з нашымі. «Пасля 1917 года мы столькі згубілі, што проста ўявіць складана. І зараз гэта аднаўляецца вельмі марудна. Дзяржава не ў стане «падняць» усе помнікі. Рэстаўрацыя ў Міры і Нясвіжы толькі пацвярджае гэта – столькі год працуюць, а ніяк да ладу не давядуць. Гэтым павінны займацца прыватнікі.
Аддайце вы бізнэсоўцам гэтыя сядзібы, спрасціце падаткі і гарантуйце, што дзяржава пакрые 30% выдаткаў рэканструкцыі. І тады ўбачыце, як хутка пачнуць аднаўляць гістарычную спадчыну»,– кажа ён.
Каментары