Артыкул в.а. старшыні БСДП (Грамада) Анатоля Ляўковіча.

Пазіцыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) адносна палітычных, сацыяльных, эканамічных працэсаў, якія адбываюцца ў краіне, маральная і ясная. Яна адлюстроўвае як мэты партыі, так і інтарэсы большасці беларускага грамадства: усё, што на карысць краіне падтрымоўваць і рабіць; усё, што служыць справе сцвярджэння нацыі і ўмацаванню беларускай дзяржавы развіваць; усё, што вядзе да сцвярджэння свабод і правоў чалавека адстойваць; усё, што павялічвае дабрабыт і ўмацоўвае сацыяльны статус чалавека ў грамадстве вітаць і заахвочваць.

Пазіцыя БСДП у адносінах да краін свету і да суседзяў узважаная. Партыя заўжды выступала супраць палітычнага авантурызму і карпаратыўнага этатызму беларускіх уладаў, супраць самаізаляцыі краіны, супраць свары з суседзямі і цывілізаванымі краінамі свету.

БСДП паслядоўна адстойвае добрасуседскую палітыку, якая патрабуе ўлічваць нацыянальныя інтарэсы нашых партнёраў як на захадзе, поўначы, поўдні, так і на ўсходзе. Нацыянальныя інтарэсы Украіны, Расійскай Федэрацыі, краін Еўразвязу ў Беларусі павінны стаць важнай тэмай публічнага і сяброўскага дыялогу суседніх народаў. БСДП выступае супраць таго, каб лёс дзесяцімільённага беларускага народа аднаасобна і кулуарна вырашалі правіцелі і алігархічныя групоўкі.

Народы заўжды імкнуцца да сяброўства, а карпаратыўныя групоўкі (палітычныя, эканамічныя і г.д.) – да барацьбы і свары за свае карыслівыя інтарэсы. У беларускага народа няма ворагаў. Нашы суседзі – нашы сябры і партнёры ў справе сцвярджэння суверэннай незалежнай і заможнай Беларусі. Добрыя справы можна рабіць толькі з добрымі намерамі і добрымі сябрамі і толькі на падмурку сяброўскіх адносін з суседзямі.

БСДП патрабуе ад уладаў неадкладна распачаць і паслядоўна весці сяброўскі дыялог з суседзямі, што стане асновай павагі да нашай краіны і важным сродкам вырашэння эканамічных, сацыяльных і палітычных праблем беларускага грамадства.

БСДП патрабуе ад кіраўніцтва краіны распачаць эфектыўную палітыку нацыянальнай згоды і яднання беларускага грамадства перад няпростымі выклікамі сучаснага глабальнага свету. Дзеля гэтага БСДП патрабуе ад уладаў зрабіць першыя неабходныя крокі: распрацаваць дзяржаўную праграму адраджэння нацыянальнага гонару беларускага народа за сваю краіну і яе гістарычную спадчыну; адмяніць забарону нацыянальнага сцяга і іншых гістарычных сімвалаў(без мінулага няма будучыні); вызваліць з турмы экс-кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, лідэра беларускіх сацыял-дэмакратаў Аляксандра Казуліна і ўсіх палітвязняў. 25 сакавіка разам з прыхільнікамі перамен правесці агульнанацыянальны сход на Кастрычніцкай плошчы (плошча Каліноўскага). На гэтым усенародным сходзе абвясціць 25 сакавіка дзяржаўным святам яднання і лічыць гэты дзень пачаткам кансалідацыі беларускага грамадства, пачаткам адкрытага дыялогу ўладаў з прыхільнікамі перамен у краіне.

Гэтыя першапачатковыя крокі з боку ўладаў створаць умовы для перамоў БСДП і ўсіх дэмакратычных сіл Беларусі з кіраўніцтвам краіны на карысць нацыянальных інтарэсаў беларускай дзяржавы і ўсяго беларускага народу.

Мы розныя і нас шмат, але Беларусь у нас адна і адзіная!

Анатоль Ляўковіч,

выконваючы абавязкі старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), кандыдат філасофскіх навук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?