Старшыня Мінскага гарадскога суда Уладзімір Пуціла пакінуў без змянення прыгавор Аляксандру Атрошчанкаву, быломупрэс-сакратару кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава.
Нагадаем, пасля масавых пратэстаў на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску 19 снежня 2010 года Атрошчанкаў быў арыштаваны і тры з паловай месяцы правёў у турме КДБ. Быў асуджаны судом Фрунзенскага раёна Мінска на чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за арганізацыю і ўдзел у масавых беспарадках. Калегія па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда пакінула касацыйную скаргу Атрошчанкава без змяненняў.
Атрошчанкаў адбываў пакаранне ў калоніі
«Скаргу ў парадку нагляду я напісаў на імя старшыні Мінскага гарадскога суда ў калоніі ў жніўні гэтага года. Адказ, які прыйшоў мне, датаваны 19 кастрычніка, атрымаў я 26 кастрычніка. Старшыня Мінскага гарадскога суда Уладзімір Пуціла паведамляе, што прыгавор суда першай інстанцыі пакінуты без змянення», — сказаў Атрошчанкаў.
«У сваёй скарзе я пісаў, што не толькі не ўчыняў злачынства, у якім прызнаны вінаватым, але нават, па сутнасці, не абвінавачваўся ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Мне інкрымінавалася толькі знаходжанне ў натоўпе і спроба пранікнуць у будынак, якая нават не была даказана. У той час як масавыя беспарадкі — гэта падпалы, пагромы, знішчэнне маёмасці, узброенае супраціўленне прадстаўнікам улады. Гэта значыць дзеянні, якіх не ўчыняў не толькі я, але і наогул ніхто з удзельнікаў мірнай дэманстрацыі, аб чым на нашым судзе гаварылі нават супрацоўнікі міліцыі. З адказу на маю скаргу бачна, што яе ніхто нават не чытаў», — паведаміў Атрошчанкаў.
«У адказе старшыні Мінгарсуда сказана, што мая віна поўнасцю даказана, у тым ліку, напрыклад, і тое, што я дзейнічаў па папярэдняй змове з Новікам і Малчанавым, якіх я ўпершыню ўбачыў толькі ў судзе», — адзначыў актывіст.
Паводле яго слоў, ён будзе працягваць абскарджваць вынесены яму прыгавор. «Я маю намер дабіцца анулявання прыгавору і зняцця з мяне судзімасці. На чарзе скарга ў Вярхоўны суд. Не скажу, што я на штосьці разлічваю, але трэба прайсці ўсе нацыянальныя інстанцыі, перш чым звяртацца ў міжнародныя структуры», — заявіў Атрошчанкаў.