Жонцы віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага Наталлі адмоўлена ў спатканні з мужам, паведаміў калега Бяляцкага, праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Ён адзначыў, што гэта ўжо не першая адмова ў спатканні Бяляцкага са сваякамі. «Раней, на этапе папярэдняга следства, у спатканні адмаўлялі органы следства. Калі справа перадаецца ў суд, спатканні мае права дазволіць суддзя. Аднак 27 кастрычніка Наталлі паведамілі, што суддзя суда Першамайскага раёна Мінска Сяргей Бандарэнка, які будзе весці працэс над Бяляцкім, адмовіў ёй у спатканні», — сказаў Стэфановіч.

Такім чынам, Бяляцкі не бачыўся са сваімі роднымі з моманту затрымання 4 жніўня.

Як сказаў праваабаронца, выпадкі дазволу спатканняў са сваякамі на этапе следства або перад пачаткам працэсу ў Беларусі «надзвычай рэдкія». «Дазвол на спатканне больш рэальна атрымаць пасля вынясення прыгавору судом першай інстанцыі: паміж прыгаворам і разглядам касацыйнай скаргі», — адзначыў Стэфановіч.

Бяляцкі знаходзіцца пад арыштам з 4 жніўня.
Яму выстаўлена абвінавачанне на падставе часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры). Падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала інфармацыя пра яго рахункі ў замежных банках, перададзеная беларускім уладам Мінюстам Літвы і Генпракуратурай Польшчы. Улады гэтых краін публічна прынеслі прабачэнні Бяляцкаму і яго родным, а таксама прыпынілі кантакты з Беларуссю ў межах дагавораў аб прававой дапамозе. Вызвалення Алеся Бяляцкага патрабуюць міжнародныя праваабарончыя структуры, кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і шэрагу іншых дэмакратычных краін.
Суд над Бяляцкім пачнецца 2 лістапада.
Судзіць яго будзе суддзя суда Першамайскага раёна Мінска Сяргей Бандарэнка, а сам працэс будзе праходзіць у будынку суда Маскоўскага раёна.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?