Памятныя сертыфікаты сямімільярднага жыхара Зямлі атрымаюць усе малыя, народжаныя ў Беларусі 31 кастрычніка.

Згодна з прагнозам ААН, 31 кастрычніка 2011 чалавецтва пераадолее чарговую гістарычную мяжу — насельніцтва Зямлі дасягне адзнакі ў 7 млрд чалавек. Урачыстыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня сямі мільярдаў, пройдуць па ўсім свеце.

Прадстаўніцтва ААН у Беларусі сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя 31 кастрычніка правядзе акцыю, мэта якой — прыцягнуць увагу грамадскасці, сродкаў масавай інфармацыі да важнасці дэмаграфічных праблем у краіне і свеце, падкрэсліць асаблівую значнасць кожнага чалавека.

Кіраўнікі міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны, аховы здароўя і прадстаўнік ААН у Беларусі Антоніус Брук наведаюць радзільнае аддзяленне РНПЦ «Маці і дзіця». Яны павіншуюць мам, чые малыя з’явіліся на свет у Дзень сямі мільярдаў, і ўручаць ім памятныя сертыфікаты і падарункі.

У гэты ж дзень іншая дэлегацыя наведае радзільны дом у Барысаве. Віншаванні, сертыфікаты і падарункі ад прадстаўнікоў Міністэрства аховы здароўя, дыпламатычных місій і кіраўнікоў агенцтваў сістэмы ААН у Беларусі атрымаюць мамы немаўлят, якія нарадзіліся ў Дзень сямі мільярдаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?