Прэзідэнт Сірыі Башар Асад прыгразіў Захаду «землятрусам», у выпадку замежнага ўмяшання ў справы яго краіны, дзе ў часе падаўлення антыўрадавых выступаў за апошнія сем месяцаў былі забітыя больш за тры тысячы чалавек.

Па наяўных дадзеных, мінулая пятніца стала адным з самых крывавых дзён. У гарадах Хомс і Хама загінулі 37 дэманстрантаў. Яшчэ тры апазіцыянеры загінулі ў Хомсе ў суботу.

Генеральны сакратар ААН і Ліга арабскіх дзяржаў днямі ў чарговы раз заклікалі сірыйскія ўлады спыніць рэпрэсіі.

«Сірыя — эпіцэнтр [блізкаўсходняга] рэгіёна, — заявіў Башар Асад у інтэрв’ю брытанскай Sunday Telegraph. — Любое абвастрэнне ў Сірыі падпаліць увесь рэгіён. Вы рызыкуеце выклікаць землятрус. Жадаеце атрымаць яшчэ адзін Афганістан, або дзясятак Афганістанаў?».

Прэзідэнт прызнаў, што сірыйскія сілы бяспекі «дапусцілі шмат памылак» на пачатковай стадыі падзей, але цяпер, паводле яго слоў, мішэнню з’яўляюцца «толькі тэрарысты».

Сірыйскі лідар асабліва падкрэсліў, што, у адрозненне ад кіраўнікоў, якія раней былі зрынутыя падчас «арабскай вясны», ён паабяцаў рэформы ўжо праз шэсць дзён пасля пачатку масавых выступаў.

Асад апісаў падзеі ў яго краіне як барацьбу паміж ісламізмам і свецкім панарабізмам.

«Мы змагаліся з «братамі-мусульманамі» з 1950-х гадоў, і змагаемся з імі цяпер», — заявіў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?