Камэрцыйныя банкі атрымалі паслабленьне ў выглядзе скасаваньня абмежаваньня па крэдытнай маржы на зноў выдаваныя крэдыты прадпрыемствам і насельніцтву. А.Лукашэнка ўхваліў скасаваньне дзейнай рэкамэндацыі Нацыянальнага Банку Беларусі, што стаўка па крэдытах ня мусіць перавышаць дзейную стаўку рэфінансаваньня +3%. Пра гэта журналістаў паведаміў Старшыня Праўленьня Нацыянальнага Банку Беларусі Пётар Пракаповіч.

Адказваючы на пытаньне: «Хто ўхваліў скасаваньне абмежаваньня?» галава Нацбанку адказаў: «Як гэта хто? — прэзыдэнт».

У Нацбанку патлумачылі, што скасаваньне абмежаваньня дзейнічае толькі на першы квартал бягучага году. Ці займеюць банкі мажлівасьць і ў будучыні, то бок, па першым квартале, самастойна ўсталёўваць стаўкі, у Нацбанку прагназаваць не ўзяліся.

Разам з тым Пётар Пракаповіч нагадаў, што дзеяньня яшчэ адной рэкамэндацыі Нацбанку пра тое, што стаўка па зноў выдадзеным крэдыце мусіць улучаць усе выдаткі, зьвязаныя з выдаваньнем гэтага крэдыту (камісіі, узнагароджаньня і г.д.), Нацбанк не скасоўваў.

У Нацбанку разумеюць, што гэтае рашэньне прывядзе да падаражаньня крэдытаў, аднак тлумачаць, што гэткае рашэньне сталася вынікам сытуацыі на банкаўскім рынку краіны.

Ухвала А.Лукашэнкі на скасаваньне дзейнага абмежаваньня выйшла 30 студзеня 2007 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?