Апошнімі матэрыяламі, абнародаванымі падчас гэтага этапу судовага працэсу па справе аб тэрактах, былі допыты жыхара Віцебска Жолудзева, які меў агульных сяброў з Канавалавым і Кавалёвым. Стала вядома аб паходжанні дзвюх 75-грамовых і адной 400-грамовай тратылавых шашак, якія, як вынікае з матэрыялаў справы, Канавалаў выкарыстоўваў пры вырабе выбуховых рэчываў.

Гэтыя шашкі Жолудзеў украў падчас сваёй службы ў пачатку 2000-х гадоў у інжынерных войсках. У сярэдзіне 2000-х гадоў дзве 75-грамовыя шашкі ў Жолудзева набыў сусед Канавалава Яўген Куксёнак. Затым яны апынуліся ў Кавалёва, а потым — у Канавалава.

Пратаколы гэтых допытаў суддзя Аляксандр Федарцоў зачытаў паводле просьбы абароны абвінавачаных. Таксама паводле просьбы адвакатаў быў зачытаны акт аб размінаванні самаробнай выбуховай прылады, якая была знойдзена 3 ліпеня 2008 года ў Мінску.

На падставе хадайніцтва дзяржаўнага абвінавачання суддзя абвясціў пратакол агляду мінскай кватэры ў доме па вул. Заслаўская, якую Дзмітрый Канавалаў арандаваў 3–4 ліпеня 2008 года.

У працэсе аб’яўлены перапынак да 11.00 14 лістапада. У гэты дзень у судзе пачнуцца спрэчкі бакоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?