За апошнія 10 гадоў захворванне на рак у Беларусі вырасла на 20%, смяротнасць ад анкалагічных захворванняў знізілася на 5%. Пра гэта паведаміў міністр аховы здароўя Васіль Жарко 3 лістапада на чацвёртым з’ездзе анколагаў краіны ў Мінску.

Паводле слоў міністра, ранняе выяўленне раку ў Беларусі не дасягнула лепшых замежных паказчыкаў, застаецца высокай смяротнасць і інвалідызацыя асоб працаздольнага ўзросту.

Кіраўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Алег Суконка паведаміў, што

на дыспансерным уліку ў сувязі з анкалагічным захворваннем стаіць кожны 40-ы жыхар Беларусі — 242 тыс. 298 чалавек.

За 10 гадоў колькасць выяўленых за год выпадкаў новаўтварэнняў вырасла з 33 да 42 тысяч.

Пры гэтым колькасць выпадкаў раку прастаты вырасла на 130%, раку скуры — на 79%,
маткі — на 42%, ныркі — на 38%, абадочнай кішкі — на 37%, малочнай залозы — на 31%. Прагназуецца, што праз 20 гадоў анкалагічныя захворванні будуць штогод выяўляцца ў 78 тыс. беларусаў.
Як адзначыў спецыяліст, амаль 70% хворых — пенсіянеры.
Структура распаўсюджанасці розных відаў раку адрозніваецца для мужчын і жанчын. У мужчын на першым месцы рак лёгкага — 18%, на другім — скуры (14%), затым — прастаты, страўніка, тоўстага кішэчніка і ныркі. У жанчын на першым месцы рак скуры — 20%, малочнай залозы — 18%, затым ідзе рак тоўстага кішэчніка, маткі, страўніка, шчытападобнай залозы.
Асноўнымі прычынамі, якія прыводзяць да ўзнікнення злаякасных новаўтварэнняў, спецыяліст назваў стрэс, курэнне, няправільную дыету, маларухавы спосаб жыцця, атлусценне, негатыўны ўплыў фактараў навакольнага асяроддзя.
Паводле яго слоў, у Беларусі неабходна правесці маштабную антытытунёвую кампанію, а таксама прапагандаваць здаровы спосаб жыцця і правільнае харчаванне.

Суконка параўнаў захворванне на рак у Беларусі з паказчыкамі краін ЕС і ЗША. У адрозненне ад гэтых краін у Беларусі расце колькасць выпадкаў узнікнення раку шыйкі маткі, страўніка. Разам з тым менш распаўсюджаны рак прастаты і малочнай залозы, хаця колькасць гэтых новаўтварэнняў апошнімі гадамі ўзрастае.

Паводле слоў спецыяліста, у структуры смяротнасці новаўтварэнні займаюць другое месца пасля хвароб сістэмы кровазвароту. Ад анкалагічных захворванняў памірае 13,4% насельніцтва, тады як ад хвароб сістэмы кровазвароту — 53%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?