Прэзідыум Саўміна Беларусі на закрытым для прэсы паседжанні ў чацвер у цэлым ухваліў песімістычны макрапрагноз, накіраваны на стабілізацыю нацыянальнай эканомікі,
паведамляе Interfax.by са спасылкай на Мінэканомікі РБ.

«Гэты макрапрагноз радыкальна адрозніваецца ад традыцыйнай сістэмы мэтавых макраэканамічных паказчыкаў і з’яўляецца менавіта прагнозам пры адсутнасці заданняў па аб’ёмах прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці. У цэлым праект прагнозу ўчора ўхвалены прэзідыумам Савета міністраў», — заявіў прадстаўнік Мінэканомікі.

Ён падкрэсліў, што асноўнай мэтай прагнозу развіцця эканомікі Беларусі на 2012 год з’яўляецца зніжэнне інфляцыі да 19%. Прырост ВУП чакаецца на ўзроўні 1–1,5%, пры забяспечанні станоўчага сальда замежнага гандлю не менш за 3% ВУП.

Яшчэ нядаўна Мінэканомікі настойвала ў сваім макрапрагнозе на тым, што рост ВУП у 2012 годзе не перавысіць 0,5%. У сувязі з гэтым імавернасць змены дадзенага паказчыка ў бок павышэння вельмі высокая.

У праекце прагнозу адсутнічаюць традыцыйныя для беларускай мадэлі эканомікі заданні па росце аб’ёмаў прамысловай вытворчасці і сельгасвытворчасці, а таксама заданне па росце інвестыцый у асноўны капітал. Між тым, урад ставіць перад сабой задачу забяспечыць прыцягненне ў 2012 годзе не менш за $ 3,7 млрд непасрэдных замежных інвестыцый на чыстай аснове, у тым ліку $ 2,5 млрд ад прыватызацыі дзяржуласнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?