Адна з кампаній нафтагазавага дывізіёна холдынгу «Трайпл», «Нафтахімтрэйдынг», найбліжэйшым часам адкрые прынамсі тры АЗС у рэгіёнах. Для ўладальніка «Трайпла» Юрыя Чыжа гэта чарговы крок па дыверсіфікацыі свайго шматпрофільнага бізнэсу.

Паводле інфармацыі «Ежедневніка», тры новых АЗС будуць адкрытыя на пляцоўках, якія займалі аналагічныя аб’екты збанкрутавалай у 2008 годзе фірмы «Бікаран».

Актывы гэтай кампаніі былі раскупленыя зацікаўленымі бізнэс-структурамі. У прыватнасці, «Нафтахімтрэйдынгу» дасталіся пункты пад Салігорскам, у Жодзіне, а таксама на мінска-гродзенскай трасе каля вёскі Расолішкі.

Юрый Чыж, які працуе на нафтавым рынку з 2002 года, такім чынам выказаў цікавасць да гэтага рынку. Але з гэтымі набыткамі бізнэсоўцу яшчэ вельмі далёка да галоўнай пазіцыі на ім.

Галоўны гулец на рынку рознічных продажаў аўтамабільнага паліва — сетка дзяржаўнай кампаніі «Беларуснафта». На пачатак 2011 года яна налічвала 484 АЗС, якія забяспечвалі каля 70% рознічных продажаў паліва ў краіне. За 9 месяцаў адкрыліся яшчэ 9 АЗС, па плане ў гэтым годзе прырост павінен скласці больш за 30 новых пунктаў.

Другое месца ўтрымлівае сетка «Лукойл-Беларусь», якая налічвала да нядаўняга часу 81 АЗС.

Трэцяе і чацвёртае месца па колькасці АЗС на беларускім рынку — у «ТНК-Біпі Захаду» (40) і «Газпрамнафты-Белнафтапрадукт» (38). Гэта даччыныя кампаніі, адпаведна, расійскіх нафтавых холдынгаў ТНК-БР і «Газпрам нафта», што летам 2009 года падзялілі былую рознічную сетку «Слаўнафты».

У першую шасцёрку найбуйнейшых аператараў уваходзяць таксама кампанія А-100, кантраляваная беларускім бізнэсоўцам Аляксандрам Цэнтэром. Яе сетка вырасла ў гэтым годзе да 19 аўтазаправачных комплексаў. 10 АЗС у актыве «Юнайтэд кампаніі» — яшчэ аднаго беларускага рознічнага бізнэсу.

Але найбліжэйшым часам, мяркуючы па ўсім, і А-100, і «Юнайтэд кампаніі» будуць пасунутыя яшчэ адным расійскім бізнэсам. Дачка расійскай кампаніі «Татнафта», «Татбелнафтапрадукт», у канцы жніўня адкрыла свой першы аўтазаправачных комплекс у Баранавічах. Усяго ў планах гэтага аператара на першым этапе стварэнне сеткі з 37 АЗС.

Кампаніі нафтагазавага дывізіёна ТАА «Трайпл» займаюцца імпартам нафты, перапрацоўкай і оптавым і рознічным гандлем на ўнутраны і замежны рынак нафтапрадуктаў, а таксама экспартам хімічных растваральнікаў.

У структуру дывізіёна ўваходзяць:

СЗАТ «Трайплэнерга» — оптавы гандаль прадуктамі нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі, экспарт у СНД;

СТАА «Нафтахімтрэйдынг» — оптавы гандаль нафтай і экспарт нафтапрадуктаў, развіццё сістэмы АЗС «Трайпл»;

СП ТАА «Неанафта» — вытворчасць мазуту і кацельнага паліва, актывы ў Клайпедзе і Даўгаўпілсе;

ТДА «Белнафтагаз» — экспарт хімічных растваральнікаў у Еўрасаюз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?