Каму пяройдзе ўлада ў выпадку сыходу Лукашэнкі? Каму ўлада належыць фармальна і неафіцыйна? Самыя ўплывовыя людзі ў атачэнні Лукашэнкі.
Міхаіл Мясніковіч
Калі звярнуцца да заканадаўства, то артыкул 15 Закона «Аб прэзідэнце Рэспублікі Беларусь» адзначае: «У выпадку вакансіі пасады прэзідэнта ці немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў па прычынах, прадугледжаных Канстытуцыяй, яго паўнамоцтвы да прыняцця прысягі новым выбраным прэзідэнтам пераходзяць да прэм’ер-міністра. Пры гэтым выбары прэзідэнта павінны быць праведзеныя не раней чым праз 30 дзён і не пазней чым праз 70 дзён пасля адкрыцця вакансіі».
Такім чынам,
фармальна другім чалавекам у дзяржаве з’яўляецца прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.Чалавек старога гарту, які папрацаваў яшчэ ў кіроўным апараце БССР.
Разам з тым, Мясніковіч, як і мінулыя прэм’еры, у асноўным засяроджваецца на эканамічных і сацыяльных пытаннях.
Варта адзначыць, што падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў кандыдаты хацелі разыграць карту з прэм’ер-міністрам. Людзі на плошчы Незалежнасці дабіваліся сустрэчы з Сідорскім, які б мог узяць уладу ў выпадку неабрання Лукашэнкі.
Тады гэты ход не прайшоў, Сідорскі так і не з’явіўся перад дэманстрантамі, а потым увогуле згубіў месца кіраўніка ўрада.
Рубінаў, Андрэйчанка, Міклашэвіч
Калі ў красавіку 2010 у Польшчы разбіўся самалёт з прэзідэнтам Лехам Качынскім, кіраванне краінай пераняў маршалак Сойма Браніслаў Камароўскі.
Фармальна ў Беларусі спікер верхняй палаты парламента з’яўляецца трэцяй у краіне асобай. Саветам рэспублікі цяпер кіруе 72-гадовы Анатоль Рубінаў.
Большую частку свайго жыцця Рубінаў адпрацаваў у навуцы. Ужо ў лукашэнкаўскі час ён быў намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Рубінаў вядомы сваімі радыкальнымі, ледзь не сталінісцкімі поглядамі.
Спікерам савета рэспублікі ён стаў летась, пасля пераводу Барыса Батуры ў старшыні Мінскага аблвыканкама. Для Рубінава месца ў парламенце — гэта сінекура. Праца, што не прыносіць турбот, але за якую мае грошы і прывілеі.
Аналагічна можна разглядаць і спікера палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанку. Для яго месца ў парламенце таксама было ўзнагародай за верную службу ў Віцебскай вобласці.
Фармальна, Рубінаў і Андрэйчанка — гэта кіраўнікі органаў заканадаўчай улады ў краіне. Тым не менш, парламент ніколі не ўстае на шляху прапановаў прэзідэнта ці ўрада.
Калі гаварыць пра судовую ўладу, то яна знаходзіцца ў руках старшыні Канстытуцыйнага суда Пятра Міклашэвіча. Сёння роля гэтага ўраджэнца Вілейшчыны зусім не заўважная, але можа непараўнальна вырасці ў выпадку надзвычайнай сітуацыі.
Віктар Лукашэнка
Старэйшы сын Лукашэнкі займае сціплую пасаду памочніка кіраўніка дзяржавы па бяспецы. Але гэта значыць, што менавіта да яго сцякаецца ўся інфармацыя пра ўсіх і ўсё.
Ужо забылася супрацьстаянне КДБ і міліцыі за часамі Шэймана. Абедзве структуры цяпер у падначаленні Віктара Лукашэнкі. Генеральную пракуратуру, Следчы камітэт, Аператыўна-аналітычны цэнтр, Памежны камітэт таксама ўзначальваюць людзі, блізкія да Віктара.
Фактычна,
са згоды бацькі Віктар Лукашэнка сканцэнтраваў у сваіх руках уладу над асноўнымі сілавымі ведамствамі краіны.
Уладзімір Макей
Адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Лукашэнкі — кіраўнік ягонай адміністрацыі. Макей мае ўплыў на прыняцце рашэнняў, Лукашэнка яму давярае.
Разведчык Макей валодае ангельскай і нямецкай мовамі. Яму належыць роля камунікатара з Захадам.
Усе, хто быў знаёмы з Макеем, адзначаюць ягоны розум і хітрасць, якімі ён і дабіўся такога становішча. Менавіта Макея называлі аўтарам палітыкі «лібералізацыі», што была ў краіне ў 2008—2010.
Жадобін і Зайцаў
У пераломныя гістарычныя моманты ўладу ў краіне нярэдка бярэ войска.Далёка за прыкладам хадзіць не патрэбна.
Пасля рэвалюцыі ў Егіпце, калі ад прэзідэнцтва быў адхілены Мубарак, уладу ў краіне ўзяла Найвышэйшая рада Узброеных сілаў на чале з міністрам абароны Хусэйнам Тантаві.
У беларускім грамадстве войска не мае такога аўтарытэту і прэстыжу, як у арабскіх краінах. Лукашэнка таксама перасцерагаецца, ставячы на пасаду міністра абароны не самых яркіх асобаў.
Цяпер міністрам з’яўляецца Юрый Жадобін, які не можа мець ніякіх палітычных амбіцый, бо нарадзіўся не ў Беларусі. Раней быў Леанід Мальцаў, аўтарытэт якога некалі знішчыў Лукашэнка: публічна абвінаваціў у п’янстве і выгнаў з працы.
Затое
прэстыжам і ўладай карыстаецца Камітэт дзяржаўнай бяспекі.Яго кіраўнік Вадзім Зайцаў не даваў падставаў засумнявацца ў сваёй лаяльнасці. За гэта
КДБ атрымлівае ледзьве не неабмежаваныя паўнамоцтвы, пра што сведчыць новы закон «Аб органах дзяржбяспекі». Зрэшты, Зайцаў, як і міністр унутраных справаў Куляшоў, таксама родам не з Беларусі.
Каментары