XVIII Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» адкрыўся вечарам 5 лістапада ў сталічным Палацы Рэспублікі.

Перад урачыстай цырымоніяй адкрыцця кінафестывалю па чырвонай дывановай дарожцы прайшлі ўдзельнікі і госці «Лістапада»: беларускія і замежныя дзеячы кінамастацтва, члены міжнароднага журы, стваральнікі фільмаў — удзельнікаў кінафоруму.

На цырымоніі адкрыцця міністр культуры Павел Латушка зачытаў прывітанне ўдзельнікам фестывалю ад імя Аляксандра Лукашэнкі.

Праграму «Лістапада» адкрыла кінакарціна «Алена» расійскага рэжысёра Андрэя Звягінцава. Прэм’ера фільма адбылася на 64-м кінафестывалі ў Канах, дзе ўдастоілася спецыяльнага прыза «Асаблівы погляд».

Сёлетні фестываль сабраў кінематаграфістаў больш чым з 30 краін: Аўстрыі, Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Бельгіі, Балгарыі, Бразіліі, Венгрыі, Германіі, Грузіі, Ізраіля, Італіі, Кыргызстана, Латвіі, Мексікі, Манголіі, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі, Славакіі, Тайланда, Турцыі, Украіны, Філіпін, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швецыі, Эстоніі, Паўднёвай Карэі.

Акрамя таго, у якасці ганаровых гасцей у кінафестывалі ўдзельнічаюць такія артысты, як Кахі Каўсадзэ, які сыграў ролю Абдулы ў кінастужцы Уладзіміра Матыля «Белае сонца пустыні», акцёр, рэжысёр і літаратар Веніямін Смехаў і яго дачка — актрыса, спявачка і тэлевядучая Аліка Смехава, іншыя вядомыя дзеячы культуры.

На форуме будзе прадстаўлена каля 70 карцін.
З 6 лістапада пачнуцца кінапаказы ў кінатэатрах «Цэнтральны», «Перамога», «Дом кіно», «Піянер», а таксама ў малой зале Палаца Рэспублікі і відэакомплексе «Цэнтр-відэа».

«Лiстапад» — найбуйнейшы кінафорум Беларусі, на які штогод запрашаюцца прафесіяналы і аматары кінематографа. Сёлета ён пройдзе па 12 лістапада. Праграма фестывалю складаецца з трох секцый: ігравога, дакументальнага і дзіцячага кіно.

У секцыю ігравога кіно ўключаны асноўны конкурс, у якім удзельнічаюць фільмы з краін СНД, Балтыі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, а таксама конкурс першых фільмаў «Маладосць на маршы», які прадставіць калекцыю работ маладых аўтараў з розных краін.

Праграма дакументальнага кіно таксама складаецца з асноўнага конкурсу і конкурсу маладога кіно.
У праграму конкурсу для юных гледачоў «Лістападзік-2011», які адкрыўся 4 лістапада, увайшлі кінастужкі для дзяцей і юнацтва, прызёры і ўдзельнікі прэстыжных дзіцячых міжнародных кінафестываляў. У рамках «Лiстапада» пройдзе дастаткова шырокая праграма пазаконкурсных паказаў.

Заснавальнікамі кінафестывалю «Лiстапад» з’яўляюцца Міністэрства культуры Беларусі, Мінгарвыканкам, Белтэлерадыёкампанія, Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», а таксама «Беларускі відэацэнтр» і «Беларускі саюз кінематаграфістаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?