Да Зямлі набліжаецца гіганцкі астэроід 2005 YU55 памерам з авіяносец. Каменная глыба праляціць міма Зямлі ў ноч на 9 лістапада. Ужо заўтра ён наблізіцца да нашай планеты на мінімальную па касмічных мерках адлегласць 324,6 тыс.км.

Падзея неардынарная, паколькі такія глыбы пралятаюць на такой блізкай адлегласці ад Зямлі раз у некалькі дзясяткаў гадоў. Апошні раз такая падзея фіксавалася ў 1976 годзе, наступная чакаецца ў 2028 годзе.

Дзякуючы ранейшым назіранням устаноўлена, што астэроід мае амаль акруглую форму, а памер — каля 400 м. Вядома таксама, што глыба павольна, з перыядам 18 гадзін круціцца, а яе паверхня ў бачным дыяпазоне цямнейшая за драўнінны вугаль. Гігант з космасу, абяцаюць спецыялісты НАСА, будзе нябачны для няўброенага вока. З-за чорнага цьмянага колеру разгледзець яго можна толькі з дапамогай тэлескопаў з дыяметрам аб’ектыва, не меншым за 15 см. На касмічны аб’ект будуць зарыентаваны два магутныя радыётэлескопы — абсерваторыі Голдстоўн у Каліфорніі (ЗША) і абсерваторыі Арэсіба ў Пуэрта-Рыка. Яны будуць адсочваць радыёсігналы, адлюстраваныя ад яго, што дасць магчымасць вызначыць, з чаго складаецца астэроід, а таксама ўдакладніць, якую ён мае форму і траекторыю руху. Вучоныя ўпэўнены: нашай планеце нічога не пагражае, Зямлю астэроід не закране і на жыхароў Зямлі ён не паўплывае. Але дапытлівыя розумы не паленаваліся і падлічылі магчымыя наступствы ад такога блізкага палёту. Так, калі ён упадзе ў акіян, то выкліча землетрасенне сілай 7 балаў па шкале Ріхтэра. Гэта ў сваю чаргу справакуе цунамі вышынёй у дзевяціпавярховы дом. Калі глыба ўпадзе на зямлю, то на месцы падзення будзе варонка 6,5 км — катастрофы не пазбегнуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?