«Я сцвярджаю, што гэта справа пачыналася і праводзілася з відавочным палітычным падтэкстам з мэтай пераследу сябраў Праваабарончага цэнтра „Вясна“, у прыватнасці мяне, за праваабарончую дзейнасць», — заявіў суду абвінавачаны Алесь Бяляцкі 4 лістапада, у трэці дзень судовага працэсу. У пацверджанне сваіх словаў праваабаронца зачытаў некалькі дакументаў з тома першага крымінальнай справы № 11081100188, якія пракурор, даследуючы матэрыялы справы, згадаў толькі мімаходзь.

Звяртаючы ўвагу суддзі на першапачаткова абвінаваўчы ўхіл правядзення следства, што «відаць з першага па шосты том справы», у якасці прыкладу Алесь Бяляцкі прывёў вытрымку са звароту следчай Дэпартамента фінансавых расследаванняў Касынкінай да намесніка начальніка следчага аддзела ўпраўлення па Магілёўскай вобласці з просьбай дапытаць аднаго са сведкаў па справе: «Таксама ўстаноўлена, што грашовыя сродкі, атрыманыя Бяляцкім Аляксандрам у якасці даходу на банкаўскія рахункі, адкрытыя на яго імя ў замежных банкаўскіх установах, увозіліся на тэрыторыю Беларусі з дапамогай кур’ераў». Дзе ўстаноўлена? Кім устаноўлена? Гэтыя пытанні, як падкрэсліў праваабаронца, следства пакінула без адказаў.

Далей — болей.

У працяг сваіх каментароў Алесь Бяляцкі прадставіў суду і прысутным у зале паседжання вельмі цікавыя дакументы, якія тлумачаць усё і якія бок абвінавачання не збіраўся агучваць у працэсе.

Першы дакумент, зачытаны абвінавачаным, уяўляе сабой зварот Камітэта дзяржаўнай бяспекі РБ ад 3.11.2010 на адрас намесніка Генпракурора старэйшага саветніка юстыцыі Шведа А.І. (старонка 15 тома першага матэрыялаў крымінальнай справы):

«Паважаны Андрэй Іванавіч,

28.10.10 у Камітэт дзяржаўнай бяспекі паступіла ананімная заява № АБ(?) 1776 ад 28.10.10 пра тое, што прадстаўнікі незарэгістраванай арганізацыі „Праваабарончы цэнтр „Вясна“ (ПЦ "Вясна“) з мэтай фінансавання радыкальнай апазіцыі выкарыстоўваюць грашовыя сродкі, якія паступаюць з-за мяжы.

Так, на імя кіраўніка ПЦ „Вясна“ Бяляцкага Аляксандра Віктаравіча [указваецца год і месца нараджэння, адрас пражывання — рэд.], зарэгістраваны рахунак [указваецца нумар рахунку — рэд.] у банку AB DnB NORD Bankas (Вільнюс, Літва). На імя намесніка кіраўніка ПЦ „Вясна“ Стэфановіча Валянціна Канстанцінавіча [указваецца год, месца нараджэння і адрас пражывання — рэд.], зарэгістраваны рахунак у банку AB SEB bankas.

Заяўнікам прадстаўлены ксеракопіі дакументаў пра зарэгістраваныя на імёны Бяляцкага і Стэфановіча рахункі ў названых банках, а таксама рух грашовых сродкаў (прыкладаюцца). Названыя грашовыя сродкі ўвозяцца наручным шляхам прадстаўнікамі ПЦ „Вясна“ ў аб’ёмах, дапушчальных заканадаўствам, і выкарыстоўваюцца ў супрацьпраўных мэтах, а таксама для асабістых патрэбаў Бяляцкага і Стэфановіча.

Акрамя гэтага, заяўніком прадстаўлены асобныя копіі распісак грамадзянаў Рэспублікі Беларусь аб прадстаўленні Бяляцкім і Стэфановічам грашовых сродкаў прадстаўнікам ПЦ „Вясна“ (прыкладаюцца). Разам з тым, прыняць законнае абгрунтаванае рашэнне па матэрыялах не з’яўляецца магчымым праз адсутнасць афіцыйных дадзеных пра факты рэгістрацыі Бяляцкім і Стэфановічам банкаўскіх рахункаў у Літве, а таксама руху грашовых сродкаў па ўказаных рахунках.

З улікам выкладзенага просім у максімальна сціслыя тэрміны аформіць міжнароднае следчае даручэнне для яго накіравання ў кампетэнтныя органы Літвы. Намі дасягнутая дамоўленасць з кіраўніком НЦБ Інтэрпола МУС Рэспублікі Беларусь [Нацыянальнае Цэнтральнае Бюро Інтэрпола ў Рэспубліцы Беларусь — рэд.] пра неадкладнае накіраванне міжнароднага следчага даручэння па каналах Інтэрпола ў Літву.

Для атрымання дадатковай інфармацыі просім звязацца па тэлефоне 2 199 551 (Дзмітрый Аляксандравіч) або 2 199 525 (Аляксандр Мікалаевіч).

З павагай,

Першы намеснік старшыні, генерал-маёр Вягера В. П.».

Затым Алесь Бяляцкі зачытаў даручэнне Шведа (старонка 14 тома першага матэрыялаў крымінальнай справы), накіраванае па выніках прыведзенага вышэй звароту намесніку старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь:

«Дырэктару Дэпартамента фінансавых расследаванняў Верамку Г. І. накіроўваецца зварот Камітэта дзяржаўнай бяспекі адносна кіраўнікоў ПЦ "Вясна" для арганізацыі праверкі і прыняцця рашэння ў парадку артыкула 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса сумесна з супрацоўнікамі КДБ. Аб прынятым рашэнні прашу паведаміць на наш адрас».

І яшчэ адзін дакумент, змест якога раскрыў прысутным Алесь Бяляцкі, — гэта зварот КДБ ад 21.12.10 да старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Зянона Ломаця (старонка 13 тома першага матэрыялаў крымінальнай справы):

«Паважаны Зянон Кузьміч,

20.12.10 СУ ПР ГУУС Мінгарвыканкама па факце масавых беспарадкаў распачата крымінальная справа № 10011110362 па частцы 1, 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

У рамках справы па месцы размяшчэння офіса незарэгістраванай арганізацыі «Праваабарончы цэнтр» Вясна" (г. Мінск, пр-т Незалежнасці 78А-48) Першамайскім РУУС г. Мінска праведзены ператрус, у выніку якога канфіскавана аргтэхніка і дакументацыя, якая мае дачыненне да матэрыялаў праверкі ў дачыненні да кіраўніка ПЦ «Вясна» (знаходзіцца ў 4-ым аддзеле УДФР па Мінскай вобласці і г. Мінску). Агляд канфіскаваных прадметаў і дакументаў будзе з’яўляцца доказнай базай у дачыненні да згаданых асобаў. Аргтэхніка знаходзіцца ў Першамайскім РУУС г. Мінска.

Інфармуем для вырашэння пытання пра распачынанне крымінальнай справы ў дачыненні да функцыянераў ПЦ «Вясна».

З павагай,

Старшыня камітэта В. Ю. Зайцаў «.

* * *

Кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека Алесь Бяляцкі з 4 жніўня знаходзіцца пад вартай у СІЗА № 1 Мінска і абвінавачваецца па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры). Дадзены артыкул прадугледжвае пакаранне да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала інфармацыя пра яго рахункі ў замежных банках, перададзеная беларускім уладам Мінюстам Літвы і Генпракуратурай Польшчы.

Суд Першамайскага раёна г. Мінска разглядае крымінальную справу з 2-га лістапада. Судовыя паседжанні праходзілі таксама 3-га і 4-га лістапада. Наступнае паседжанне суддзя прызначыў на 10-га лістапада.

Вызвалення Алеся Бяляцкага патрабуюць міжнародныя праваабарончыя структуры, кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і шэрагу іншых дэмакратычных краінаў.

На рахункі Бяляцкага і іншых вясноўцаў сцякаліся сродкі на дапамогу рэпрэсаваным беларусам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?