Дагавор з расійскім бокам аб стварэнні ў Беларусі вытворчасці ё-мабіляў можа быць падпісаны ў канцы 2012 года. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 8 лістапада паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі (ДКНТ) Ігар Войтаў.

Ён паведаміў, што цяпер ідуць перамовы з распрацоўшчыкам гэтага расійскага аўтамабіля, і выказаў меркаванне, што «вытворчасць новых аўтамабіляў у Беларусі хутка з’явіцца». «У нас ёсць пэўная прапанова Расійскай Федэрацыі — у канцы 2012 года выйсці на падпісанне адпаведных дагавораў, — сказаў Войтаў. — Аўтамабіль нядрэнны, ідэя закладзена добрая, аўтамабіль мае свой рынак, чаму мы не павінны быць на гэта згодныя?»

Больш на гэты час ніякіх дамоўленасцяў паміж бакамі не існуе. Старшыня ДКНТ падкрэсліў, што Беларусь будзе «разглядаць канкрэтныя прапановы», калі будзе створаны «прататып гэтай тэхнікі і поўны вытворчы цыкл пад Санкт-Пецярбургам».

Ё-мабіль — гэта праектаваны расійскі паслядоўны гібрыдны аўтамабіль (для прываду вядучых колаў выкарыстоўвае разнастайную энергію) кампаніі «Ё-аўта». У канструкцыі аўтамабіля плануецца выкарыстоўваць электрычную трансмісію з камбінаваным сілкаваннем ад акумулятара і генератара, які варочаецца газабензінавым рухавіком унутранага згарання. Заяўлены вытворцам кошт аўтамабіля ў залежнасці ад камплектацыі будзе вагацца ад 350 да 500 тысяч расійскіх рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?