«Руберойд з латыні перакладаецца як «від чырвонага», аднак сам руберойд чорны. Гэта ізаляцыйны матэрыял для дахаў, на які звычайна кладуць салому ці шчапу, аднак ёсць дахі, на якіх руберойд ляжыць зверху. Мяне больш цікавіць філасофскі кантэкст — ён мае пэўныя асацыяцыі з ізаляцыяй. Вось кіраўнік краіны кажа, што калі трэба, мы ўсе пойдзем у зямлянкі — і руберойд будзе з намі для ізаляцыі ад прыроды, а ў метафізічным сэнсе — ад астатняга свету.»

Алесь Марачкін адкрывае юбілейную выставу пад назвай «Логіка руберойду». Выстава будзе рэтраспектыўнай — ад працаў, якія Марачкін стварыў яшчэ падчас вучобы ў Тэатральна-мастацкім інстытуце, да сённяшніх дзён. «Сёння прыходзілі дырэктар Палаца мастацтваў і адказны за выставу — не знайшлі ніякай крамолы. Самыя вострыя карціны я сам паздымаў» — кажа Марачкін.

Аднак вастрыня, характэрная для працаў мастака, нікуды не падзелася. Карціны Алеся Марачкіна неаднаразова здымаліся з выставаў, сам ён знікаў з фотаздымкаў у кнігах, а пачалося ўсё яшчэ ў савецкія часы.

«Вось я выстаўляю карціну «Смаленне чорнага кабана». Гэта 1970 год, я тады вучыўся ў Тэатральна-мастацкім. Гэта было стагоддзе Леніна, і ўсіх нас прымушалі стварыць карціну альбо плакат да юбілею. За «кабана» я, зразумела, атрымаў найніжэйшую адзнаку,

чуткі пра карціну дайшлі ажно да Міністэрства асветы
. Проста на карціне добра бачная атмасфера безвыходнасці, меланхалічны настрой. Я тады жартаваў, што Уладзімір Ільіч жа таксама быў не супраць сальца пад’есці».

У выставу ўвайшлі і карціны, якія раней у асноўны зал Палаца мастацтваў не траплялі — знакамітыя партрэты Мірона і Яўгена Куліка. «У мяне ёсць новая карціна „Бураціна, котка і Карабас-Барабас“, аднак я зраблю асобную прэзентацыю для адной карціны» — кажа Марачкін. — «Лепш хай яна з’явіцца там, дзе мы зможам вольна абмяркоўваць што захацім. Бо карціна з дакладным падтэкстам».

Тым не менш, на «Логіку руберойду»

трапіла карціна «Сцяна», якую адхілілі ад выставы суполкі «Пагоня»
. На карціне — турэмная сцяна, на якой пакінутыя розныя надпісы. «Я прапанаваў гледачам на адной з выставаў алоўкі, каб яны маглі дадаць надпісы на сцяне: так
за апошні год там з’явіліся надпісы «Свабоду Саннікаву» і «Міхалевіч, даві КГБ!»».

Цяпер «Сцяна» выглядае як сапраўдная хроніка падзеяў ад 1997 года, калі за краты трапіў Павал Шарамет, і да сённяшняга часу.

«Калі яны здымуць гэтую карціну — вось гэта будзе сапраўдны скандал, — кажа мастак. — Я ўсё ж такі асоба публічная».

Апроч вострых працаў на выставе можна ўбачыць і шмат іншага. Тут ёсць і краявіды, якія за сорак гадоў кардынальна змяніліся, і партрэты гістарычных асобаў, кшталту Сапегі і Астрожскага.

Апошнімі працамі зацікавіўся міністр культуры Павал Латушка.

«Яны выстаўляліся ў кавярні «Добрыя мыслі», і пасля спадар Латушка мне тэлефанаваў, вельмі цікавіўся. Я адправіў яму запрашэнне, сказаў, што на выставе гэтыя працы будуць».

На выставе можна ўбачыць працу «Маладая Беларусь» — сучасная дзяўчына ў каўбойскім капелюшы і з адраджэнскай атрыбутыкай. Ці партрэт Анатоля Сыса. Ці класічныя «народныя дываны», якія

Алесь Марачкін у 70-ыя ледзьве не адкрыў для беларускіх мастакоў
. «Я цікавіўся спадчынай Язэпа Драздовіча і пачаў працаваць з дыванамі. Мне здаецца, гэта паўплывала на іншых мастакоў."

І, канечне, будзе на выставе і дыптых «Логіка руберойду» — руберойд, які мусіць быць чырвоным, але ён чорны, і які непазбежна выклікае думкі пра ізаляцыю.

Выстава «Логіка руберойду» адкрываецца 9 лістапада, а 18-й у асноўнай зале Палаца мастацтваў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?