Ён фарміруе ініцыятыўную групу, якая зоймецца зборам подпісаў для змянення трох артыкулаў Выбарчага кодэкса.

Як паведаміў Ус у інтэрв’ю БелаПАН, стварэнне групы пачалося ў канцы кастрычніка. На сёння ў ёй ужо каля тысячы чалавек. «Мы разлічваем, што да студзеня, калі пройдзе сход ініцыятыўнай групы, у яе складзе будзе ўжо да 5 тысяч чалавек», — сказаў палітык.

У выпадку афіцыйнай рэгістрацыі членам групы

на працягу месяца трэба будзе сабраць 50 тысяч подпісаў,
каб законапраект аб унясенні змяненняў у Выбарчы кодэкс разгледзеў парламент.

«Наша галоўная мэта — змяніць выбарчую сістэму Беларусі, зрабіць так, каб улік галасоў грамадзян і падпісанне выніковых пратаколаў сталі празрыстымі», — падкрэсліў экс-кандыдат у прэзідэнты.

Паводле яго слоў, размова ідзе пра змяненне артыкулаў 34, 35 і 72 Выбарчага кодэкса.

Неабходна, каб кандыдаты мелі права накіроўваць ва ўчастковыя камісіі сваіх прадстаўнікоў, спіс якіх павінен быць пададзены за 15 дзён да галасавання.
Прадстаўнікам кандыдата павінны выдавацца пасведчанні членаў выбаркамаў на працягу трох дзён.

Апрача таго, членам камісіі, якія прадстаўляюць кандыдатаў, павінна быць дадзена права ставіць свой подпіс на адваротным баку кожнага бюлетэня. Гэта, на думку Уса, дазволіць пазбегнуць незаконнага ўкідвання бюлетэняў у скрыні падчас датэрміновага галасавання і фальсіфікацый падчас падліку галасоў.

Палітык упэўнены, што яго ініцыятыўнай групе ўдасца сабраць не менш за мільён подпісаў.
«Усе людзі цвярозага розуму ў Беларусі павінны падпісаць, каб у нас былі сумленныя і адкрытыя выбары», — падкрэсліў Ус.

Варта зазначыць, што змена выбарчага заканадаўства Беларусі была асноўным тэзісам у перадвыбарнай праграме кандыдата ў прэзідэнты Дзмітрыя Уса падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Апрача таго, 4 лістапада мінулага года палітык адпраўляў Аляксандру Лукашэнку адкрыты зварот з прапановай тэрмінова ўнесці ў Выбарчы кодэкс папраўку, якая дае кандыдатам у прэзідэнты права накіроўваць ва ўчастковыя выбарчыя камісіі сваіх прадстаўнікоў з паўнамоцтвамі падліку бюлетэняў і подпісу пратакола падліку бюлетэняў. «Без гэтай папраўкі не будзе аб’ектыўных выбараў у краіне», — падкрэсліваў у звароце Ус.

Дзмітрый Ус з’яўляецца ўладальнікам і дырэктарам выдавецкай кампаніі ТДА «Трывіум». У маі суд Ленінскага раёна Мінска прызнаў экс-кандыдата ў прэзідэнты Уса вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску 19 снежня 2010 года і прыгаварыў яго да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 1 кастрычніка Ус быў вызвалены на падставе ўказа прэзідэнта аб памілаванні. Варта зазначыць, што сам Ус аб памілаванні не прасіў, таму што лічыць сябе незаконна асуджаным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?