У Беларусі ствараецца фонд арэнднага жылля. Гэта прадугледжана ўказам прэзідэнта № 512 «Аб некаторых пытаннях выкарыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду», які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 8 лістапада.

Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, дакументам прадугледжана стварэнне фонду жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду з ліку свабодных (вызваленых) жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду, а таксама набытых, пабудаваных (рэканструяваных) жылых дамоў спецыяльна з гэтай мэтай.

Пры гэтым фінансаванне будаўніцтва (рэканструкцыі), набыццё жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання плануецца ажыццяўляць за кошт бюджэтных сродкаў, сродкаў, атрыманых ад здачы жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання, і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.

Указам даецца права на атрыманне жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання грамадзянам, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, а таксама якія не стаяць на такім уліку.

Жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання не падлягаюць абмену, раздзелу, продажу ці прыватызацыі, а таксама здачы па дагавору паднайму.

Ва ўказе вызначаны парадак уключэння жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду ў склад жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання, парадак давання жылога памяшкання камерцыйнага выкарыстання, аплаты за карыстанне такім жылым памяшканнем і за жыллёва-камунальныя паслугі, парадак заключэння дагавора найму жылога памяшкання камерцыйнага выкарыстання і парадак высялення з яго.

Памер платы за карыстанне жылымі памяшканнямі камерцыйнага выкарыстання будзе вызначацца «зыходзячы з памеру базавай стаўкі платы за карыстанне такімі памяшканнямі, якая ўстанаўліваюцца Саветам міністраў, з прымяненнем каэфіцыентаў, вызначаных аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам у залежнасці ад месца знаходжання жылога памяшкання».

Сродкі, атрыманыя ад здачы жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання, будуць накіроўвацца на будаўніцтва ці рэканструкцыю такіх памяшканняў. «Такая мера дазволіць пастаянна павялічваць дзяржаўны жыллёвы фонд для здачы па дагаворах найму жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання. Тым самым будуць забяспечаны акупнасць затрат на стварэнне фонду і вяртанне бюджэтных сродкаў. Акрамя таго, стварэнне такога фонду будзе ў пэўнай ступені спрыяць вырашэнню жыллёвай праблемы грамадзян», — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?