З самай раніцы тэлефануе ўсхваляваная маладая жанчына, у якой я цаню многае і найперш неабыякавасць да лёсу іншых людзей: Трэба ратаваць нашага хлопца! Актывіста кампаніі «Гавары праўду»! Колішняга, але якая розніца!…

Розніцы няма. Ад каго ратаваць? Ад чаго?

Аднойчы мы ўжо ратавалі гэтага хлопца, калі яго выключалі з інстытута. Дамагліся ад рэктара цвёрдага абяцання вярнуць яго ў спісы студэнтаў.
Абяцанкі-цацанкі хлопца не задаволілі і мы дапамаглі яму стаць не беларускім, а замежным студэнтам.
Дык што ж цяпер не тут, а там, за мяжой з ім сталася?… Аказалася, там ён прызнаўся, што тут быў завербаваны КДБ. Дык як яго ратаваць?… Выдаваць за героя? За чалавека, які знайшоў у сабе мужнасць… і далей можаце паглядзець тэксты пра тых, хто завербаваўся і прызнаўся.
Пра сённяшніх герояў ці не ўсіх (у тым ліку самых сур’ёзных) інтэрнэтных інфармацыйных пляцовак. І не толькі інтэрнэтных…

Добра: няхай прызнаўся мужна. А як завербаваўся? Таксама мужна? Наперад ведаючы, што некалі скажа ўсю праўду пра подлыя беларускія спецслужбы. І праз тое ён двойчы герой?…

Я не збіраюся нікога судзіць і без мяне хапае суддзяў. Вунь адных невыязных колькі, а ёсць яшчэ і выязныя. Проста мой жыццёвы досьвед дазваляе мне зрабіць выснову:

чалавек, які падпісаў паперу, абавязаўшыся даносіць на іншага чалавека, гэта ўжо альбо цалкам сфармаваны нягоднік, альбо ён мае для гэтага вялікі патэнцыял. Вельмі вялікі.
І няхай я ў нечым памыляўся ў жыцці, нейкія мае высновы абвяргаліся, але гэтая не была абвергнутая ніводнага разу. Ніводнага.
Даўно, калі я быў рэдактарам часопіса «Крыніца», адзін малады супрацоўнік раптам прапанаваў мне: «А давайце я буду паведамляць вам, хто і што пра вас кажа. Вам жа гэта цікава?…» Я выбіў яго з кабінета нагой пад азадак.
Трэба было і з рэдакцыі гэтак жа выбіць, але мне сталі даводзіць, што ён таленавіты і талент у ім пераможа ўсё астатняе. Не. Усё ў гэтым чалавеку (уключна з ягоным талентам) перамог нягоднік. Якім ён быў, калі падышоў да мяне са сваёй сексоцкай прапановай, і якім дажыве жыццё.

Тая жанчына, якая патэлефанавала з самай раніцы і паведаміла пра прызнанні нашага колішняга актывіста, стала казаць, што тут не столькі асабістая справа, колькі агульная, бо кінуты цень на ўсю кампанію «Гавары праўду» і трэба ўсё гэта неяк прыпадняць, абяліць… Ну, зрабіць так, як усе робяць, бо ўсе разумеюць абставіны, пры якіх даецца згода на супрацоўніцтва са спецслужбамі. Такое адбываецца не толькі ў нашай краіне, а паўсюль, таму ўсюды да гэтага ставяцца з разуменнем… Няхай так. Але

ніхто лепей за нас не ведае, што гэта за спецслужба такая КДБ. У нашай гісторыі гэтае ведамства інструмент рэпрэсій у адносінах да ўласнага народа ў інтарэсах купкі людзей ва ўладзе. У нашай сучаснасці тое самае: пад рэпрэсіі КДБ падпадае найлепшая, найчысцейшая частка грамадства. Чысцяць найчыстых.
Тых, хто з сумленнем, з абвостраным пачуццём чалавечай годнасці. Дык якія абставіны могуць апраўдаць супрацоўніцтва з такім ведамствам? Да таго ж такое спрацоўніцтва, сутнасць якога звычайнае сексотцтва.
Якія абставіны могуць абяліць подласць? Ніякія.

Калі я сядзеў ва ўнутранай турме КДБ, адзін палкоўнік, былы контрразведчык (гэта значыць той, хто якраз і займаецца вярбоўкай сексотаў), а цяпер кадэбіст іншай спецыяльнасці, з прафесійным гонарам распавядаў мне, з якім клопатам яны ставяцца да завербаваных інфарматараў, як старанна іх аберагаюць.

Прашу мне, таварыш палкоўнік, прабачыць, але тое, што вы так старанна аберагаеце, г…но. І адпаведна патыхае. Як дома, гэтак і за мяжой.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?