У гомельскім ізалятары часовага ўтрымання аб'явіў галадоўку старшыня аргкамітэта па правядзенні Народнага сходу Васіль Палякоў. Аб гэтым паведаміў праваабаронца Леанід Судаленка.
Палякоў аб'явіў галадоўку ў знак пратэсту супраць несправядлівага, на яго думку, рашэння суда аб арышце."Аб галадоўцы мне сказаў дзяжурны ІЧУ, які дазволіў перадаць Палякову сок і ваду. Пасля патрабавання кнігі скаргаў і прапаноў ваду і сок прынялі і для Валерыя Рыбчанкі са Жлобіна, які таксама адбывае там арышт", — адзначыў праваабаронца.
Нагадаем, 9 лістапада суд прыгаварыў Палякова да пяці сутак адміністрацыйнага арышту. Такое рашэнне прыняў суддзя Савецкага раёна абласнога цэнтра Віктар Купрацэвіч, які прызнаў актывіста вінаватым у парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства.
Палітыка судзілі на падставе паказанняў жыхароў Гомеля Людмілы Мяшковай, сакратара адміністрацыйнай камісіі адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля, і Аляксандра Мележа, студэнта ГДУ імя Ф.Скарыны.Яны заявілі, што ў сваіх паштовых скрынях знайшлі ўлёткі, на якіх быў указаны тэлефон Палякова, і патэлефанавалі па гэтым нумары. У тэлефоннай размове палітык запрасіў іх прыйсці на Народны сход.
Тады яны нібыта патэлефанавалі ў гарвыканкам, дзе даведаліся, што ніхто не атрымліваў дазволу на правядзенне Народнага сходу, пасля чаго, абураныя парушэннем закона, звярнуліся ў міліцыю.
0
0
0
0
0
0