На нарадзе па пытанні распараджэння дзяржаўнай маёмасцю 10 лістапада Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў цяперашні ўрад, абвінаваціўшы яго ў захапленні рынкам.

«Я цярплю гэта да 1 студзеня, а потым у вас застанецца тэрмін да 1 мая, ну, да 9-га, да Дня Перамогі, і насельніцтва зусім па-іншаму павінна ацэньваць палітыку ў дзяржаве, — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта. — Мы ўсё робім для людзей, а не дзеля нейкіх рыначных выкрутас. Збірайце ў кулак грошы і дзейнічайце. Час такі.

А вы ўсё на рынак разлічваеце».

На думку беларускага кіраўніка, калі б рынак быў такім эфектыўным, то не было б тых эканамічных праблем, з якімі сутыкаюцца Еўропа і ЗША.

Лукашэнка падкрэсліў, што патрабуе прытрымлівацца палітыкі, выпрацаванай ім і Усебеларускім народным сходам: «Вы сфарміраваны прэзідэнтам пад канкрэтную задачу. І вы ўсе працавалі тады, вы не на Месяцы былі. А Міхаіл Уладзіміравіч нават выступаў на Усебеларускім народным сходзе. Мы можам заўтра апублікаваць вашу прамову».

«Рыначная пазіцыя ўрада сёння прывяла да таго, што ў нас ужо бензін утрая: вось, курс долара — і ўсё, наперад! Ніхто не падумаў аб тым, як жа гэта зрабіць лепш, як мы рабілі 15 гадоў запар. І што за практыка ківаць на стары ўрад? Не трэба гэта рабіць, гэта непрыгожа, ужо людзі смяюцца», — лічыць Лукашэнка.

«На працягу гэтага года фактычна будуць прынятыя ўсе непапулярныя рашэнні для таго, каб стабілізаваць сітуацыю»,
 — заявіў на гэта Мясніковіч.

«Вы занадта захапіліся непапулярнымі метадамі, Міхаіл Уладзіміравіч. Вы, які народжаны ў вёсцы і вырас на кубку малака, як я і многія, хто тут сядзіць», — адрэагаваў Лукашэнка.

«Да 1 мая меркаванне насельніцтва аб урадзе, аб уладзе, настроі людзей павінны кардынальна змяніцца. Вось вашы тэрміны. Настройвайце ўсіх падначаленых на гэта», — заявіў беларускі кіраўнік.

Варта адзначыць, што вострая фаза эканамічнага крызісу звычайна не доўжыцца больш за год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?